23 снежня 2024, панядзелак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў на Першым канале Расеі (Відэа)

56
Саннікаў на Першым канале Расеі (Відэа)

Расейскія ўлады маюць намер мець стасункі «з палітычнымі сіламі Беларусі, якія прадстаўляюць увесь спектр грамадскай думкі».

Як перадае расейскі «Первый канал», відэазварот расейскага прэзідэнта ў Беларусі бачыў шмат хто. Тыя, у каго не прымаюцца эфірныя расейскія тэлеканалы, змаглі гэта зрабіць у Інтэрнэце. Таццяна Рыгораўна, напрыклад, прыйшла з гэтай мэтай у менскую інтэрнэт-кавярню.

Таццяна Рыгораўна, жыхарка Менска: «Часам вельмі крыўдна, што палітыка замінае ў стасунках паміж простымі людзьмі».

Таццяна «пад уражаннем» і канстатуе: у Беларусі пануе тое, што прынята называць «прадказальным перадвыбарчым палітычным абвастрэннем».

Чарговай яго праявай сталі стасункі Аляксандра Лукашэнкі з расейскімі журналістамі 1 кастрычніка. Вось у якіх словах беларускі кіраўнік ацэньваў палітыку кіраўніцтва Расеі.

Аляксандр Лукашэнка: «Гэта неабдуманая, бязмозгая – калі б думалі, гэта не рабілі – палітыка, якая навязваецца сёння нам, я думаю, што яна недаўгавечная. Нам увялі пошліну на нафту, затым нам увялі пошліну на светлыя нафтапрадукты – салярку, бензін, газу і гэтак далей расейскія, карацей, паступілі як з самым лютым ворагам Расеі. Вы думаеце, што, груба кажучы, беларус застанецца сам-насам з сабой, безгаспадарны, як гэта прынята казаць? Ды не. У нас няма сёння праблемаў з прапановамі ад іншых дзяржаваў».

«Безгаспадарным» Лукашэнка адчуваць сябе не хоча, але насамрэч «прапановаў ад іншых дзяржаваў» завесці з ім сумесную гаспадарку таксама няма. Таму што мадэль, паводле якой ён выбудоўваў эканоміку сваёй краіны такая: «ты аплачваеш мае рахункі, а я за гэта ўсім кажу, што ты мой лепшы сябар, больш плаціш — мацней сяброўства».

Ігар Бунін, палітолаг: «Ён, з аднаго боку штосьці там абяцаў вельмі невыразнае, прыкладна гэтак жа, як і Ахмадзінежад. Нічога не выконваў, не здзяйсняў. Але адначасова карыстаўся і газам, і мытнымі прывілеямі, і вялікімі магчымасцямі. Зараз гэтаму ўсяму надышоў канец».

Гісторыя з прызнаннем незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі пасля нападу войскаў Саакашвілі ў гэтым сэнсе паказальная. Лукашэнка агрэсію асудзіў, і публічна даў Мядзведзеву абяцанне прызнаць гэтыя краіны. Але так дагэтуль і не прызнаў.

Аляксандр Лукашэнка: «Я і не адмаўляюся. І сёння не адмаўляюся. Але я яму сказаў: вось наступствы, мы іх пралічылі. Вы гатовыя, спадар Прэзідэнт, падзяліць, дарагі сябар Дзмітры Анатолевіч, з намі гэтыя наступствы? Вы гатовыя падставіць сваё плячо? Даслоўна: «Ну, Аляксандр Рыгоравіч, давайце не будзем гандлявацца. Гэта адна тэма, а гэта іншая». Я кажу: «Дзякуй. Тэма скончаная. Калі для вас гэта адна тэма, а гэта іншая, працягу размова не мае».

Але размова працяг атрымала, і яшчэ які. Саакашвілі, які пасля прызнання Еўропай факту грузінскай агрэсіі стаў не самым пажаданым госцем у большасці краінаў Старога Свету, быў прыняты з распасцёртымі абдымкамі ў Менску і апынуўся ў эфіры галоўнага беларускага тэлеканала.

Міхаіл Саакашвілі: «Пакаленне пройдзе, і з-за гэтага аддалення новы кіраўнік наогул не будзе разумець, што гэта – Расея? Дзе гэта? Мы гэта адчулі ў Грузіі».

Сам Лукашэнка вельмі раўніва ўспрымае з'яўленне на расейскіх тэлеканалах апазіцыйных беларускіх палітыкаў. Напрыклад, Станіслава Шушкевіча, былога кіраўніка Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч: «Я рады, што выступ Прэзідэнта Мядзведзева быў вытрыманы ў спакойных, годных танах, гэта аплявуха, якой няма роўных. Я не дапускаю думкі, што калі ў нас будуць выбары, што Лукашэнка застанецца прэзідэнтам, максімум яго падтрымкі зараз можа быць 30 адсоткаў».

Аляксандр Лукашэнка: «У нас ёсць кадры, можа быць, гэта выпадковыя кадры, калі журналісты вучаць Шушкевіча, як казаць, і пускаць слязу з нагоды… Вось гэты журналіст павесіўся, гэтае прозвішча, Бябенін, я, шчыра кажучы, першы раз ад журналістаў пачуў, калі ён павесіўся».

Затое імёны палітыкаў і журналістаў, якія зніклі за час кіравання Лукашэнкі, добра вядомыя беларусам.

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў: «Для нас вельмі важная тэма зніклых і забітых палітыкаў, нашых сяброў, нашых калегаў. І тое, што Дзмітры Анатолевіч узняў гэтую тэму, зрэзаніравала вельмі моцна тут у Беларусі, таму што для нас гэтая тэма вельмі важная, і мы займаемся гэтым».

Палітыкі і палітолагі сёння шмат каментавалі сітуацыю.

Канстанцін Касачоў, старшыня Камітэта ДД па міжнародных справах: «Той абразлівы тон, які, на жаль, ужо на працягу доўгага часу дазваляе сабе прэзідэнт Лукашэнка ў дачыненні да расейскіх кіраўнікоў, павінен быў рана ці позна атрымаць адэкватны адказ. Як той казаў, Бог сведка і суддзя, што цярпенне расейскага кіраўніцтва было вельмі доўгім, мы штораз дазвалялі, напэўна цяпер можна сказаць, на жаль, дазвалялі прэзідэнту Лукашэнку рабіць тыя ці іншыя заявы, ажыццяўляць тыя ці іншыя дзеянні, лічачы, што гэта, ну, калі хочаце, нейкія хваробы развіцця, хваробы росту Беларусі як грамадства, на якіх спекулюе прэзідэнт Лукашэнка, цяпер становіцца зразумелым, што справа тут ні ў нейкіх этапах развіцця Беларусі, справа тут у асабістых амбіцыях Лукашэнкі, якія, на жаль, выйшлі за межы і палітычнай і чалавечай этыкі».

Глеб Паўлоўскі, палітолаг: «Ён праводзіць выбарчую кампанію быццам бы на канфлікце. Расея выступае як вінаватая ва ўсіх шматлікіх цяжкасцях і праблемах у беларускай эканоміцы, а яны ёсць, яны вялікія. Ды вось будаваць палітыку на нацыяналізме — гэта наогул тупіковы шлях. А для краіны саюзніцы Расеі гэта штосьці неверагоднае».

З ацэнкамі расейскіх калегаў салідарныя шмат якія беларускія палітыкі.

Анатоль Лябедзька, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі: «Лукашэнка не зможа выйграць гэтую выбарчую кампанію. Таму ўся інтрыга будзе заключацца ў тым, што кампанію, не прызнаюць яе вынікі толькі тыя, што на захад ад Беларусі, ці і Расея таксама выступіць з ацэнкамі, зыходзячы з ацэнак і стандартаў АБСЕ. Калі Лукашэнка не атрымае прызнання на Усходзе і Захадзе, і, не маючы прызнання ўнутры Беларусі, гэтая ўлада проста падвісае ў прасторы».

На той жа самай прэс-канферэнцыі, на якой Лукашэнка назваў палітыку расейскага кіраўніцтва «бязмозгай», ён выказаў меркаванне, што яму не будзе складана вярнуцца на ранейшы высокі ўзровень стасункаў і нават перасягнуць яго! Антырасейскую рыторыку ён, відавочна, хацеў бы спісаць на «выдаткі перадвыбарчага перыяду».

Канстанцін Сіманаў, дырэктар Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі: «Гэта такое класічнае абароннае мысленне. Лукашэнка спрабуе пераканаць краіну, што вакол ворагі, на Захадзе і на Усходзе, і што нават Расея апынулася такой страшнай і вераломнай. І толькі ён, прэзідэнт Беларусі, можа выратаваць народ у гэтую трагічную хвіліну. Гэта класічны насамрэч прыём, уласцівы такім дробным аўтарытарным лідэрам, якія спрабуюць пераканаць народ, што вакол усё небяспечна і трэба рабіць стаўку на яго. Увогуле, тыя ж фокусы мы ў Паўночнай Карэі назіраем».

Якраз з вяртаннем на ранейшы ўзровень будуць праблемы — пра гэта сведчаць удакладненні, якія зрабіла прэс-сакратарка прэзідэнта РФ Наталля Цімакова: «З улікам апошніх каментароў, якія даў прэзідэнт Беларусі ў апошні час, відавочна, што гэтыя стасункі ўжо не будуць ранейшымі. Палітычныя кантакты будуць працягнутыя. Прадстаўнікі расейскіх уладаў і палітычных структураў маюць намер мець стасункі з усімі палітычнымі сіламі Беларусі, якія ўяўляюць увесь спектр грамадскай думкі».

Такім чынам, калі канчатковай мэтай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі было дасягненне поўнай самаізаляцыі па перыметры дзяржмежаў, дык ён яе бліскуча дасягнуў. Датычыць гэта, аднак, толькі яго самога, а не Беларусі.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках