Лукашэнка: Мы не настойваем на прызнанні выбараў Расеяй
115- 12.11.2010, 10:54
Па словах беларускага дыктатара, ён «не памрэ», калі РФ не прызнае прэзідэнцкія выбары.
Беларусь не будзе настойваць на прызнанні прэзідэнцкіх выбараў Расеяй. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю найбуйнейшым СМІ Германіі, паведамляе БелТA.
«Гэта справа Расеі - прызнаваць ці не прызнаваць. Гэта яе права, яе суверэннае права. І мы да гэтага будзем ставіцца ўважліва», - сказаў кіраўнік. «Па нашых законах мы не маем патрэбу ні ў якіх прызнаннях. Вы паўтара дзясятка гадоў не прызнавалі наогул таго, што існуе такая Беларусь, не кажучы ўжо пра выбары. Ну і што, мы ад гэтага памерлі?» - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што няма падставаў для непакою ў тым, што Беларусь і Расея не пакінуць у мінулым рознагалоссі. «Не хвалюйцеся, мы дамовімся з Расеяй, таму што нам ад гэтага нікуды не падзецца, таму што мы фактычна адзін народ, мы самыя блізкія народы - беларускі і рускі, якія практычна нічым не адрозніваемся адзін ад аднаго. Але толькі пры адной умове: што на гэтай зямлі беларускай ёсць дзяржава, ёсць народ, і гэта - суверэнная і незалежная дзяржава з уласнымі інтарэсамі, і з намі трэба лічыцца, ці то Германіі, ці то Расеі. Усё астатняе з галіны «падабаецца - не падабаецца», - сказаў ён.
Беларускі кіраўнік не лічыць, што на развіцці двухбаковых стасункаў паміж Беларуссю і Расеяй будзе нейкім чынам адбівацца тое, хто стане на чале Расеі на выбарах у 2012 года. «Гэта нюанс. Гэта неістотна. Я думаю, што, як бы мы не падабаліся адзін адному, прэзідэнты Беларусі, Расеі, прэм'ер-міністры, ёсць штосьці больш важнае, якое крыецца не ў суб'ектыўным, а ў аб'ектыўным», - сказаў ён.
Што ж датычыць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, дык, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у рэспубліцы залішне спрабуюць пераканаць увесь свет у сумленнасці выбараў. «Вы ведаеце, я часам лаўлю сябе на думцы, што я і мае калегі, ужо занадта мы шмат спрабуем пераканаць вас у тым, што ў нас выбары былі сумленнымі і будуць сумленнымі, - сказаў ён. - Мы спрабуем вас пераканаць яшчэ ў тым, што ў нас выбары пройдуць па законе. Вам штосьці не падабаецца сёння ў нашых выбарах? Скажыце, дзе мы парушылі Канстытуцыю і нашыя законы? Калі такіх парушэнняў няма, дык будзьце ласкавыя пагадзіцца з намі».
«Калі вы хочаце бачыць, што белае - гэта чорнае, дык, як бы я вас ні пераконваў, вы будзеце спасылацца ці то на тэрміналогію, ці то яшчэ на штосьці, але вы будзеце гэта бачыць у чорным колеры. І я вас ніколі не разупэўню ў гэтым», - дадаў Лукашэнка.
Ён лічыць, што палітычная і эканамічная сістэма ў краіне павінна стварацца зыходзячы з рэаліяў яе жыцця. «Свет вельмі разнастайны, таму і формы праявы гэтай разнастайнасці абсалютна розныя. Чаму мы павінны быць абавязкова да вас падобныя?! Не ведаю. У нас свае традыцыі, у нас свой менталітэт, у нас свой народ, у нас свае інтарэсы. І зыходзячы з гэтых аргументаў і шмат якіх іншых, мы будзем будаваць сваё жыццё і ствараць сістэмы, у тым ліку кіравання, улады, і гэтак далей. Не важна, пад якімі тэрмінамі гэта прагучыць. Усё павінна паходзіць з канкрэтыкі, з тых рэаліяў, у якіх знаходзіцца дзяржава і грамадства», - сказаў кіраўнік.
«Мы стварылі пэўную палітычную сістэму, у тым ліку сістэму ўлады, гэтая сістэма можа вам падабацца, можа, не падабацца, але яна такая існуе. І, ствараючы гэтую сістэму, мы зыходзілі з таго, якія былі рэаліі ў нас у краіне. Мы яе не для немцаў стваралі і не для таго, каб вам спадабацца. А для таго, каб выратаваць сваю дзяржаву і свой народ пасля таго, як Савецкі Саюз разваліўся на кавалкі. І тыя задачы, якія мы паспрабавалі вырашыць, ствараючы гэтую сістэму, у тым ліку задачы ўлады, мы вырашылі. І нашая сістэма эвалюцыянуе, яна развіваецца. Можа быць, не так хутка, як хочацца немцам, але мы развіваемся такімі тэмпамі, якімі дазваляе нам развівацца нашае грамадства і нашая эканоміка», - сказаў дыктатар.