23 лiстапада 2024, Субота, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баскетбалісткі не здаюцца і працягваюць патрабаваць

14

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе напісала другі ліст сябрам выканкаму БФБ.

Функцыянеры ад спорту абмяркоўваюць праблемы, выкладзеныя ў адкрытым лісце баскетбалістак, але пакуль справа не зрушылася з мёртвай кропкі.

Кіраваныя Анатолем Буяльскім дзяўчыны пайшлі на яшчэ адзін крок - напісалі другі ліст сябрам выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола, падрабязна і па пунктах выклаўшы ў ім, чаго ім не хапае для спакойнай і паўнавартаснай падрыхтоўкі да міжнародных форумаў, дзе яны пад сцягам Беларусі змагаюцца за медалі - робяць тое, што пакуль не пад сілу іншым гульнявым відам спорту нашай краіны. «Інтэрфакс» прыводзіць тэкст звароту жаночай зборнай Беларусі па баскетболе.

Паважаныя сябры выканкама Беларускай федэрацыі баскетбола!

Мы, гульцы жаночай нацыянальнай зборнай па баскетболе, азнаёміліся з вынікамі пасяджэння выканкама ад 21.10.2010 г. і дасылаем спіс сваіх пажаданняў па паляпшэнню сітуацыі, якая склалася вакол зборнай. Рашэнне назапашаных за доўгія гады праблемаў дазволіць нам рыхтавацца да адказных стартаў у больш спакойнай абстаноўцы і дамагацца самых высокіх вынікаў для краіны, якую мы маем гонар прадстаўляць.

1. База для правядзення паўнавартасных збораў мяркуе наяўнасць добрай залы, паркета, прыдатнай для гульняў, распранальняў, сучаснай трэнажорнай залы, медыцынскага пакоя і абсталявання, масажнай (масажны стол), машыны для лёду (падчас трэніровак у «Менск-Арэне» нам прыносілі звычайныя груды лёду, а мы самі набывалі мяшкі для замарозкі).

2. Выбар базы для трэніровачных збораў (паколькі цяпер у нас няма свайго «баскетбольнага дома», мы б хацелі быць у курсе магчымых варыянтаў для правядзення паўнавартасных трэніровачных збораў. Павводле логікі гульцы не павінны выбіраць сабе «базу», але, з іншага боку, мы не былі праінфармаваныя пра тое, што мелі магчымасць рыхтавацца да чэмпіянату свету за мяжой).

3. Экіпіроўка. Пры абмеркаванні камплектаў формы хацелася, каб улічваліся пажаданні гульцоў, а таксама кліматычныя ўмовы, у якіх даводзіцца выступаць (на чэмпіянат свету ў Чэхію мы з'ехалі без куртак, а форму прывезлі ў апошні дзень).

4. Наяўныя грошы.

Сутачныя падчас спаборніцтваў (да прыкладу, вяртаючыся з міжнароднага турніру з Іспаніі, мы цэлы дзень правялі ў аэрапорце, тройчы мянялі самалёт і ў двух з іх карміліся за свае грошы. Адзначым таксама, што на некаторых турнірах якасць ежы часам пакідае жадаць лепшага і мы трацім на харчаванне свае грошы).

Аплата за перавагу багажу (адпраўляючыся на турніры, мы вязем з сабой не столькі асабістыя рэчы, колькі баскетбольную экіпіроўку. І часта вага багажу перавышае дапушчальныя нормы, з прычыны чаго торбы ўвесь час даводзіцца перапакоўваць. Акрамя таго, мы возім з сабой масажны стол. Яго таксама неабходна аплочваць).

Грашовыя сродкі на набыццё медыцынскіх прэпаратаў (выдзяленне грашовых сродкаў лекару, які складае спіс і набывае прэпараты для гульцоў. Часцяком гульцам патрабуюцца медыцынскія прэпараты, аналагаў якіх няма ў Беларусі. Набываюцца такія прэпараты за мяжой за кошт асабістых сродкаў. І не заўсёды куплю прэпарата можна пацвердзіць чэкам. Купляюцца медыкаменты таксама і падчас спаборніцтваў, паколькі траўмы і экстранныя выпадкі бываюць самыя розныя і часам іх проста немагчыма прадбачыць).

5. Сістэма заахвочванняў (мы б хацелі, каб напярэдадні турніраў перад гульцамі зборнай і трэнерскім штабам былі сфармуляваныя мэты і задачы і з улікам гэтага загадзя распрацавана сістэма прэміяльных, каб па заканчэнні спаборніцтваў не ўзнікала канфліктных сітуацый і мы не выглядалі б камандай, у якой «растуць апетыты», а элементарна ведалі, на што можам разлічваць).

З павагай, капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Наталля Трафімава.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках