5 лiстапада 2024, aўторак, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты ЕГУ выйшлі на акцыю з плакатамі «Спадарыня Даля, гэта праўда?»

27

Студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта правялі сёння стыхійную акцыю пратэсту на плошчы Даўкантас у Вільні.

Нагадаем, 11 лістапада агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Еўразвязе паведаміла пра выказванне прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ пра тое, што «перамога Аляксандра Лукашэнкі на чарговых прэзідэнцкіх выбарах забяспечыць стабільнасць Беларусі і абмяжуе ўплыў Расеі ў гэтай краіне».

Паводле інфармацыі Reuters, Грыбаўскайтэ заявіла пра гэта на нядаўняй сустрэчы з амбасадарамі Еўразвязу ў Вільні, паведамляе БелаПАН.

«Лукашэнка з'яўляецца гарантам эканамічнай і палітычнай стабільнасці Беларусі і яе незалежнасці. Мы [Літва] не хацелі б бачыць другую Расею ў якасці свайго суседа», - заявіла амбасадарам Еўразвяза Грыбаўскайтэ, сцвярджае крыніца.

Як паведаміў студэнт ЕГУ Яўген Гладкі, беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Літве, былі здзіўленыя такім выказванням і вырашылі атрымаць неабходныя каментары.

«У сацыяльных сетках многія студэнты ЕГУ абмяркоўвалі інфармацыю пра тое, што Грыбаўскайтэ выказала падтрымку беларускаму прэзідэнту Лукашэнку. Студэнты здзівіліся і абурыліся выказванням літоўскага прэзідэнта і дамовіліся сустрэцца каля адміністрацыі прэзідэнта. Беларусы, якія вучацца ў Літве, здзівіліся меркаванню Грыбаўскайтэ, што менавіта Лукашэнка з'яўляецца гарантам незалежнасці і стабільнасці. Бо ёсць іншыя кандыдаты ў прэзідэнты, чаму яны не могуць быць альбо стаць гарантам стабільнасці пры ўмове перамогі на выбарах?» - адзначыў студэнт.

Удзельнікі акцыі - пяць студэнтаў - трымалі плакаты, на якіх па-літоўску было напісана: «Мы такой стабільнасці не жадаем», «Спадарыня Даля, гэта праўда?», «Няўжо рэальная палітыка перамагла чалавечую?» і «Няўжо дэфіцыт гандлёвага балансу ператвараецца ў дэфіцыт каштоўнасцяў?».

Каля адміністрацыі прэзідэнта ўдзельнікі акцыі прастаялі з плакатамі каля 15 хвілінаў.

Суразмоўца дадаў, што студэнты ЕГУ плануюць дамовіцца з літоўскімі дэмакратычнымі, няўрадавымі арганізацыямі пра правядзенне больш сур'ёзнай акцыі і атрымаць каментар альбо тлумачэнне ад літоўскага прэзідэнта.

Між тым агенцтва ru.Delfi.lt паведамляе, што кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс не каментуе словы Грыбаўскайтэ пра Лукашэнку, сказаныя за зачыненымі дзвярыма.

«Я скажу проста, гэта і мой вопыт. Тое, што кажуць за зачыненымі дзвярыма, і тое, што не кажуць, а потым кажуць і перадаюць як сказанае, то гэта не варта і каментаваць. Гэта плёткі», - сказаў Ажубаліс 12 лістапада.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках