Акадэмія навук адмовіла ў дапамозе сям'і загінулага Івана Нікітчанкі
3- 22.11.2010, 10:47
Прафесара Івана Нікітчанку пахаваюць сёння. Развітанне адбудзецца па адрасе: вуліца Іванаўская, 38-32.
«Дзе будзе пахаванне, мы яшчэ не вырашылі, бо не знайшлі яшчэ месца. На Усходніх могілках нам адмовілі, Акадэмія навук цалкам адмовілася дапамагаць. Сказалі, няхай дапамагае Інстытут жывёлагадоўлі, але ён там працаваў 25 гадоў таму. Хацелі б на Паўночных могілках, але і яны закрытыя, хаця там ідуць асобныя пахаванні. Я тэлефанавала на Паўночныя могілкі, дырэктар сказаў, што яшчэ будзе прынятае рашэнне. Сын з'ехаў па бацьку ў Маладзечна, хутка прывязе яго дадому. Сыну трэба будзе пад'ехаць да дырэктара Паўночных могілак, можа дырэктар вырашыць, але .... вы ж ведаеце, якое цяпер жыццё», - распавяла «Радыё Свабода» ўдава прафесара Лідзія Аляксееўна.
У Івана Нікітчанкі засталіся жонка, два сыны, дачка, чацвёра унукаў і праўнучка.
Сын Юры, не выключае, што пахаванне можа адбыцца на могілках у Жодзіна, дзе пахаваная маці прафесара.
У ДАІ Менскай вобласці паведамілі, што пацярпелых больш няма.
«Аварыя здарылася 19-га лістапада ў 14.55. На 56-м кіламетры аўтадарогі Менск-Маладзечна-Нарач. Нікітчанка накіроўваўся ў бок Маладзечна, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з «ЗІЛам». Пацярпеў толькі адзін Нікітчанка, больш пацярпелых няма», - паведамілі ў ДАІ Менскай вобласці.
Пра падрабязнасці аўтакатастрофы, у якую трапіў бацька, Юры Нікітчанка ведае не шмат.
«Ехаў позна ўвечары з Менска на лецішча, якое знаходзіцца пад Маладзечнам. Ехаў спакойна, нікога не чапаў. Паводле вынікаў экспертызы цела ведаю, што памёр пасля аварыі ў 1 гадзіну 50 хвілінаў ночы, і калі б было сэрца здаравей, былі б шанцы выратаваць. А як гэта адбылося, мне невядома. Справа толькі трапіла да следчага, усёй інфармацыі ў яго яшчэ няма», - распавёў Юры Нікітчанка.
Іван Нікітчанка ездзіў на аўтамабілі «Фальксваген-Бора». Пра тое, што цяпер з кіроўцам «ЗІЛа», які сутыкнуўся з аўтамабілем Івана Нікітчанкі, яго сын не ведае.
19 лістапада ў аўтакатастрофе пад Маладзечнам загінуў чалец-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, вядомы дзеяч апазіцыі і актывіст чарнобыльскага руху прафесар Іван Нікітчанка. Ён памёр 20 лістапада.
Іван Нікітчанка нарадзіўся 10 студзеня 1939 года ў Бранскай вобласці. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1960), доктар сельскагаспадарчых навук (1979), прафесар, чалец-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі (з 1986). Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР (1982). У першай палове 1990-х гадоў уваходзіў у склад ценявога кабінета апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання. Доўгія гады уваходзіў у арганізацыйныя камітэты для правядзення «Чарнобыльскага Шляху». Крытыкаваў планы будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.