25 снежня 2024, Серада, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыка ўшаноўвае мужных журналістак (Фота)

22

З калегамі з Ірака, Зімбабвэ і Калумбіі ў беларускіх журналістаў шмат агульнага.

Міжнародны фонд жанчын у журналістыцы (IWMF) адсвяткаваў сваё 20-годдзе.

Яго заснавальнікі і актыўныя ўдзельнікі - самыя вядомыя журналісты ЗША. Кожны год IWMF узнагароджвае трох журналістак з розных краінаў прэміяй «Мужнасць у журналістыцы». За 20 гадоў гэтая прэмія стала адной з самых прэстыжных у свеце СМІ. На святкаванне 20-годдзя былі запрошаныя пераможцы розных гадоў з Зімбабвэ, Парагвая, Філіпінаў, Ірака і Беларусі. Нашую краіну прадстаўляла Ірына Халіп, узнагароджаная прэміяй «Мужнасць у журналістыцы» ў мінулым годзе. Мужных журналістак ушаноўвалі ў Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе. Bank of America даў урачыстую вячэру ў іх гонар. З эмацыйнай прамовай, поўнай захаплення іх дзейнасцю, выступіла ў Лос-Анджэлесе жонка губернатара Каліфорніі Арнольда Шварцэнэгера, вядомая тэлежурналістка Марыя Шрайвер.

- Святкаванне 20-годдзя IWMF супала з чарговым узнагароджваннем прэміяй, - распавяла charter97.org Ірына Халіп. - Дарэчы, прыемны сюрпрыз: у гэтым годзе пераможцай стала яшчэ адна выпускніца менскага журфака - танзанійка Вікі Нтэтэма, скончыла БДУ ў 1986 годзе. Вікі - сапраўдны герой. Яна расследуе забойства альбіносаў, якія ў Танзаніі, аказваецца, санкыянуюцца ўладамі. Там лічыцца, што альбіносы - носьбіты злога духу, і дзяржава неафіцыйна дазволіла іх забіваць. Вікі была першай журналісткай, якая змагла не толькі высветліць сувязь паміж дзяржавай і забойствамі, але і даказаць яе. Цяпер яна хавае альбіносаў, здымае канспіратыўныя кватэры для іх, калоціцца ў дзверы міжнародных арганізацый. Калі нехта і спыніць гэтыя забойствы, то гэта будзе мая аднакашніца Вікі Нтэтэма. Другая гераіня - Клаўдыя Дзюк з Калумбіі. 15 гадоў назад яна пачала расследаванне забойства вядомага калумбійскага тэлежурналіста Хайме Гарсона і знайшла сувязь паміж сакрэтнай паліцыяй і смерцю журналіста. У Амерыку яна прыехала з дачкой - пакідаць дзяўчынку адну ў Калумбіі было небяспечна. Клаўдыя атрымлівае да 70 пагрозаў за дзень, пры гэтым пагражаюць знішчыць не яе, а яе дачку Аляхандру. Яшчэ адну пераможцу - журналістку з Тыбета Цэрынг Войсер - не выпусцілі з краіны кітайскія ўлады. Увогуле, мы не адныя на свеце. Улады ўсіх таталітарных дзяржаў дзейнічаюць аднолькава, па-за залежнасцю ад кантынента, культуры, традыцый. Толькі дэталі розныя.

Напрыклад, Сандра Ніайра з Зімбабвэ сядзела ў турме пасля публікацыі карупцыйнага расследавання, у выніку якога яна змагла здабыць чэкі, якія выпісваліся тамтэйшаму дыктатару Мугабэ за падрад на будаўніцтва новага аэрапорта ў Харарэ. Пры гэтым, распавядала Сандра, Мугабэ мае еўрапейскую адукацыю і выдатна гаворыць па-англійску. (Гэта значыць, атрымліваецца, што Лукашэнка - куды больш афрыканскі дыктатар, чым Мугабэ?..) Сахар Іса з Ірака, што страціла сына падчас тэракту, якая працуе на амерыканскі медыяхолдынг McClatchy, тоіць сваю працу ад сваякоў і сяброў, а яе дзеці тояць нават яе прафесію - занадта небяспечна. Філіпінка Марытас Вітуг апублікавала кнігу-расследаванне пра карупцыю ў Вярхоўным судзе Філіпінаў, і зараз ёй пагражаюць забойствам. У Мабэль Рэнфельд з Парагваю спрабавалі выкрасці дачку, якая вярталася са школы. Дарэчы, абедзве журналісткі з Лацінскай Амерыкі пачалі рагатаць, ледзь не падаючы з крэслаў, калі я распавядала пра сяброўства Лукашэнкі і Чавеса: «Ой, не выдумляй! Ты сур'езна сцвярджаеш, што Уга прымаюць у вас як сапраўднага кіраўніка дзяржавы? Са сцягам і ганаровай вартай?! І ў навінах распавядаюць? Ой не-е-е! Гэта немагчыма! Ды з яго смяецца ўся Лацінская Амерыка! Нават нашыя дыктатары яго на парог не пусцяць». Што ж, цяпер зразумела, чаму Угу не лянота матацца праз паўсвету ў Беларусь: яго нават на родным кантыненце не ўспрымаюць як прэзідэнта. Увогуле, для шалёнага сабакі сем вёрстаў не гак.

А яшчэ я зразумела, што з калегамі з Ірака, Зімбабвэ, Калумбіі ў мяне куды больш агульнага, чым з калегамі, да прыкладу, з «Савецкай Беларусі». З Сахар, Сандрай, Клаўдыяй і іншымі мы гаворым на адной мове і разумеем адна адну. А тыя, хто працуе ў беларускай дзяржаўнай прэсе, для мяне і маіх калегаў з жывога свету - іншапланецяне. Яны размаўляюць на адной, незразумелай ўсяму зямному шару мове - дакладней, на выдуманай мове, якой насамрэч не існуе ў свеце. Сапраўды гэтак жа не існуе ўсяго таго, пра што яны пішуць. Гэта толькі адзін невялікі міраж, які вельмі хутка растворыцца ў паветры.

Ірына Халіп і іракская журналістка Сахар Іса, чые дзеці тояць у школе прафесію мамы

З Сандрай Ніайрай, якая сядзела ў зімбабвійскай турме за выкрыццё карупцыі Мугабэ

Яны нічога не баяцца: Ірына Халіп (Беларусь), Марытас Вітуг (Філіпіны), Мабэль Рэнфельд (Парагвай)

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках