25 снежня 2024, Серада, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Newsweek»: Лукашэнка вядзе Беларусь да краху

36

За 16 гадоў кіравання Аляксандр Лукашэнка паспеў зрабіць усё, што належыць рабіць сучаснаму дыктатару.

Ён арыштоўваў супернікаў і душыў пратэсты. Яго службу бяспекі, якая па-ранейшаму носіць назву КДБ, абвінавачваюць у выкраданні і забойстве журналістаў. Аднак цяпер чалавек, якога Дзярждэпартамент ЗША назваў «апошнім дыктатарам Еўропы» спрабуе змяніць старое сяброўства з Расеяй на новае – з Еўрапейскім Звязам, піша амерыканскі часопіс «Newsweek».

Лукашэнка, падобна, цвёрда мае намер ізноў перамагчы на намечаных на 19 снежня выбарах. Еўропа, са свайго боку, відавочна не хоча змяняць статус-кво – раней у гэтым месяцы Брусэль накіраваў у Беларусь двух высокапастаўленых дыпламатаў, каб паабяцаць Лукашэнку пакет крэдытаў на суму ў 3 мільярда даляраў, калі выбары будуць свабоднымі і сумленнымі – ці хаця б крыху больш свабоднымі, чым раней.

Аднак Лукашэнка, як ён ні імкнецца, не можа вызваліць сваю краіну ад ужо сапсаваных стасункаў з Масквой, якія ў выніку стануць злым рокам яго кіравання. Крэмль шмат гадоў быў для Беларусі не толькі найбліжэйшым саюзнікам, але і спонсарам, што субсідаваў эканоміку краіны таннай энергіяй. Аднак з 2008 года, у якім Лукашэнка не стрымаў сваё абяцанне ўвесці ў краіне расейскія рублі, паміж ім і Крамлём ідзе геапалітычны эквівалент скандальнага разводу. Лукашэнка за гэты час паспеў не дазволіць расейскім інвестарам прыватызаваць беларускія прадпрыемствы і прыстрашыў перашкодзіць пастаўкам расейскай нафты ў Еўропу.

Зараз беларуская эканоміка з цяжкасцю трымаецца на нагах. Без крамлёўскіх субсідыяў кошт на газ, які складаў у 2006 годзе 46 даляраў за тысячу кубаметраў, узняўся гэтай зімой да 180 даляраў. Дадаткова пагаршае справу папулісцкая перадвыбарчая шчодрасць Лукашэнкі, які павялічыў на траціну зарплаты ў дзяржаўным сектары, раззлаваўшы гэтым МВФ і падвоіўшы дэфіцыт бюджэту. Еўразвяз відавочна даў зразумець, што далейшую падтрымку гатовы аказваць толькі ў абмен на рэальныя ліберальныя рэформы.

Лукашэнка хацеў атрымаць танную нафту ў лівійскага лідэра Муамара Кадафі і прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, якія наносілі яму візіты, аднак, як лічыць незалежны палітычны аналітык з Менска Віктар Малішэўскі, «ніхто, нават Кітай, не дасць яму дастаткова грошай, каб ён мог пазбегнуць эканамічнага крызісу ў наступным годзе». Такім чынам, Лукашэнка можа выйграць выбары, але яго краіна ў любым выпадку прайграе.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках