30 чэрвеня 2024, Нядзеля, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады фармуюць армію «сваіх назіральнікаў»

112

Асновы інструкцыі для «сваіх» заключаюцца ў поўнай нейтралізацыі міжнародных назіральнікаў.

Старшыні ўчастковых камісіяў атрымалі заданне сфармаваць брыгады назіральнікаў. Апошніх навучаюць таму, як супрацьстаяць «цікаўным» журналістам і назіральнікам пры падліку галасоў на ўчастку, нейтралізаваць асабістае меркаванне назіральнікаў.

Пра гэта «Праваабаронцам за свабодныя выбары» паведаміла назіральніца ад ГА «БНФ «Адраджэнне» Валянціна Свяцкая, наведаўшы 30 лістапада семінар-трэнінг для старшыняў участковых камісіяў Маскоўскага раёна Менска.

Валянціна Анатольеўна прызналася, што прыйшоўшы на гэты семінар-трэнінг, падрыхтавалася сумаваць – зыходзячы з вопыту наведвання аналагічнага мерапрыемства ў Першамайскім раёне сталіцы. На папярэднім навучалым мерапрыемстве назіральніца, паводле яе словаў, нічога цікавага для сябе не выявіла і лічыць, што яго можна было не праводзіць зусім, раздаўшы ўсім старшыням участковых камісіяў Пастанову № 99 Цэнтральнай камісіі для самастойнага вывучэння.

Са згадвання гэтай Пастановы ЦВК пачаўся і семінар-трэнінг у Маскоўскім раёне. Праводзілі яго намеснік старшыні Маскоўскай раённай камісіі Кудзярмаеў Аляксандр Мікалаевіч, які з'яўляецца загадчыкам аддзела арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Маскоўскага раёна, і іншыя сябры камісіі.

«Але што мне разанула слых, і пасля гэтага я зразумела, што семінар будзе цікавым, - Аляксандр Мікалаевіч сказаў, што гэтая пастанова ЦВК была прынятая «па патрабаванні АБСЕ». І мне ўжо стала зусім цікава: калі камісія прымае нейкія пастановы «па патрабаванні АБСЕ», дык, можа быць, сапраўды ў нас адбудуцца празрыстыя і сумленныя выбары!» - дзеліцца ўражаннем Валянціна Свяцкая.

Назіральніца дазволіла пераказаць з яе словаў, чым быў цікавы гэты семінар-трэнінг.

Перад тым, як пачынаць навучанне, Аляксандр Кудзярмаеў зрабіў аб'яву пра тое, што ў чацвер і затым недзе 7-9 снежня ў выканкам трэба будзе з'явіцца старшыням участковых камісіяў з «брыгадзірамі назіральнікаў» (!) - спачатку В. Свяцкая не надала значэння гэтаму. Затым прагучала ўслед яшчэ адна аб'ява – пра тое, што будзе раздадзеная «паперка» ад Саюза жанчынаў, у якую трэба будзе толькі ўпісаць прозвішча, а «усё астатняе ўжо гатова». Таксама прысутным паведамлялася пра тое, што «назіральнікаў павінна быць не менш за 10-ць чалавек». Да таго ж стала вядома, што «з Акадэміі кіравання прыйдзе дзяўчына і правядзе навучанне - што і як трэба рабіць у выпадку ўзнікнення «патавай» сітуацыі». Што значыць «узнікненне патавай сітуацыі»? З кім і дзе гэтая «дзяўчына з Акадэміі кіравання» будзе праводзіць навучанне?

Напрыканцы трэнінгу ўсе гэтыя пазлы-аб'явы для Валянціны Свяцкай набылі абрысы цэласнай карцінкі.

«Назіральнікаў рэгістраваць, але - ніякіх дадзеных»

Спачатку ўсё ішло гладка па сцэнары, апісаным у Пастанове ЦВК № 99. І першы «нервовы» момант - папярэджанне Аляксандра Кудзярмаева пра тое, што «на участках могуць прысутнічаць назіральнікі, у першую чаргу, вядома ж, з місіі АБСЕ. Могуць быць і нашыя - і ў гэтым годзе іх можа быць вельмі шмат. Выкрыкі з залы: «Гэта адносна прадстаўнікоў партыяў гэта што – Ярмошына, вырашыла, ці што? Чорта якога-небудзь дадуць ці амерыканца!» «Дабразычлівасць» і «гасціннасць» у дачыненні да назіральнікаў з боку старшыняў участковых камісіяў відавочная.

Але Валянціна Свяцкая адзначае, што агульны пасыл старшыням УК быў такі: «Каб міжнародныя назіральнікі былі вельмі задаволеныя!» Хаця пры абмеркаванні сітуацыі з міжнародным назіральнікам Кудзярмаеў рэкамендаваў «лепш не пускаць яго на ўчастак, калі ён заявіўся назіраць за пяць хвілінаў да заканчэння галасавання»,«і каля камісіі, і каля памяшкання пасля 20.00 яму рабіць няма чаго». Замест гэтага замежнаму госцю варта «паказаць нашую гасціннасць - павадзіць дзе-небудзь, папаіць гарбатай-кавай ...».

Аляксандр Кудзярмаеў даў указанне «усіх назіральнікаў рэгістраваць», але дадаў: «калі назіральнік цікавіцца спісамі - ніякіх дадзеных, маўляў, усё будзе ў канцы галасавання. Калі што - тэлефануйце адразу мне!»

«Такая адсылка па ўсіх магчымых пытаннях неаднаразова паўтаралася на працягу трэнінгу, - адзначае Валянціна Свяцкая. - У мяне асабіста сумневаў няма адносна таго, хто на самой справе кіруе тэрытарыяльнай камісіяй», - адзначане Валянціна Свяцкая.

«Пры падліку галасоў - моўчкі сядзець!»

Асаблівая ўвага была нададзеная заканчэнню галасавання. Пасля 20.00 на ўчастку павінен быць парадак, ідэальную формулу якога агучыў вядучы трэнінгу: назіральнікі павінны ведаць сваё месца, а кожны сябра камісіі «павінен ведаць, што робіць». Тым самым ён даў зразумець, што ролі паміж сябрамі ўчастковых камісіяў яшчэ будуць размеркаваныя.

Падышлі да самага важнага моманту - працэдуры падліку галасоў, якая, дарэчы, не зважаючы на крытыку, не прапісаная ў беларускім выбарчым заканадаўстве і таксама дэталёва не апісаная ў Пастанове № 99 ЦВК.

«Адсякаць усякія спробы назіральнікаў, якія захочуць падняцца і шчыльна стаць вакол стала. Нават калі будуць казаць «пакажыце кожны бюлетэнь» - усё роўна», - павучаў Кудзярмаеў.

А далей, выконваючы ролю старшыні ўчастковай камісіі сябра ТВК (мяркуючы па выступу, ён неаднаразова з’яўляўся старшынём ва ўчастковых камісіях), падзяліўся неацэнным уласным вопытам.

«Нават калі будуць казаць, маўляў, пакажыце кожны бюлетэнь - паверце, я ведаю, як закрыць! Кожны сябра камісіі атрымае пэўную колькасць бюлетэняў і будзе запаўняць свой «бегунок». Не паказваць, не пераварочваць - а ціхенька гэты «бегунок» мне. Я ведаю, як закрыцца рукой, як паціху падлічыць гэтыя «бегункі» і галасы. Нават калі ён убачыць два-тры «бегункі» - ён усё роўна нічога не ўбачыць і не зразумее, як ідзе падлік. Самае галоўнае - не размаўляць паміж сабой. Моўчкі сядзець!», - цытуе неацэнную інструкцыю Свяцкая.

Крыху пазней гэты сябра ТВК падзяліўся яшчэ адной парадай па падліку галасоў: «Бюлетэні кандыдата, за якога мяркуецца найбольшая колькасць галасоў, павінны размеркаваць паміж сабой некалькі чалавек. Ніхто не зразумее, колькі за якога прагаласавала. Калі кожны асобна будзе лічыцца, дык будзе бачны стос. А тут усе стосы будуць аднолькавыя. І ніхто не ўбачыць, за каго колькі прагаласавала. Дакладна зможа палічыць толькі старшыня камісіі».

«А іншых назіральнікаў павінны нейтралізаваць нашыя»

Усе назіральнікі, такім чынам, былі падзеленыя на катэгорыі - міжнародныя назіральнікі, назіральнікі і «нашыя назіральнікі».

Як высветліла назіральніца ад БНФ ў канцы трэнінгу, азнаёміўшыся з ведамасцю аб вылучэнні назіральнікаў на ўчасткі, якая была пушчаная па зале, «нашыя назіральнікі» павінны быць прадстаўлены ад грамадскіх арганізацыяў «РА «Белая Русь», БРСМ, «Беларускі саюз жанчынаў», а таксама павінны быць прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадзянаў. На кожны выбарчы ўчастак - не менш за 10 чалавек. На семінары старшыням, якія не падалі інфармацыю пра назіральнікаў, прапаноўвалася ўнесці ў ведамасць лічбы - ад якой арганізацыі і колькі чалавек ужо ёсць у іх на дадзены момант. Больш за тое, Кудзярмаеў на пачатку семінара зрабіў аб'яву, што пратакол аб накіраванні назіральнікаў ад ГА «Беларускі саюз жанчынаў» ужо падрыхтаваны і будзе ім (старшыням) раздадзены, і туды трэба будзе «толькі ўпісаць прозвішча».

Пры разглядзе далейшых сітуацыяў функцыі «нашых назіральнікаў» становяцца зразумелымі.

У сітуацыі, калі «прыйдзе журналіст з фотаапаратам», было вырашана - «хай шчоўкае, мы ведаем, што гэта псіхалагічны ціск на сябраў камісіі». З залы дадалі: «Міліцыянт прысутнічае, таму, калі што, яго можна вывесці».

«Тут трэба аддаць належнае спадару Кудзярмаеву - ён спыніў асабліва заўзятых, таму што ў Пастанове № 99 не сказана, што журналіста трэба выдаляць», - адзначае Валянціна Свяцкая. Але на выпадак, калі журналіст «будзе моцна шчоўкаць», інструкцыя ўсё ж з’явілася: «узнімецца наш назіральнік і скажа яму, маўляў, паважаны журналіст, мы як назіральнікі сведчым, што вы перашкаджаеце працаваць сябрам камісіі і, калі ласка ... Ім будуць раздадзеныя акты, яны адразу запаўняюць іх і гэтыя акты будуць прыкладзеныя ... Калі дасце слабіну - будуць ездзіць на вас гэтыя журналісты ».

«А іншыя назіральнікі?» - пытанне з залы.

«А іншых назіральнікаў павінны нейтралізаваць нашыя. Яны скажуць, што «вы перашкаджаеце працаваць сябрам участковай камісіі!» І міліцыянту адразу паведамяць», - падказаў рашэнне Кудзярмаеў.

На пытанне ад яшчэ аднаго старшыні УВК «А можна пазбавіць акрэдытацыі назіральніка, калі ён будзе паводзіць сябе вельмі актыўна?» быў адмоўны адказ, але мелася на ўвазе пры гэтым, што ёсць варыянт «выправадзіць», зразумелы ўсім. Для гэта ж і «будуць сядзець нашыя назіральнікі». Усе прысутныя таксама пагадзіліся з тым, што назіральнікам, якія прыйшлі на ўчастак, трэба будзе адключыць тэлефоны.

Кудзярмаеў папярэдзіў старшыняў УК: «У гэты раз ва ўчастковых камісіях ёсць прадстаўнікі ад апазіцыі. Магчыма, будзе нейкае асабістае меркаванне, яны не будуць падпісваць пратаколы - вашыя назіральнікі дадуць вам свае акты, што ўсё было правільна. Гэтыя шаблоны ўжо будуць у вас». Падобныя сітуацыі, паведамлялася на заканчэнне, будуць больш падрабязна разгледжаныя на наступнай сустрэчы.

Пасля заканчэння семінара-трэнінгу было абвешчана, што 2 снежня ў 14.00 у Адміністрацыі Маскоўскага раёна будзе праведзены асобны семінар - для старшыняў участковых камісіяў і «брыгадзіраў» назіральнікаў.

«Атрымліваецца, што кожны старшыня ўчастковай камісіі павінен падрыхтаваць «брыгаду» назіральнікаў, у якой будзе «брыгадзір», яны будуць навучаныя на асобным семінары - як сябе паводзіць і што трэба рабіць пры ўзнікненні тых самых патавых сітуацыяў, пра якія згадвалася вышэй. Роля гэтых назіральнікаў - засведчыць, што ў чарговы раз «элегантная» перамога была дасягнутая», - рэзюмавала «засвоенае» на семінары-трэнінгу Валянціна Свяцкая.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках