Ярмошына: «Беспрацоўны кандыдат і прэзідэнт не могуць быць у роўных умовах»
93- 9.12.2010, 15:21
Пра гэта кіраўнічка ЦВК заявіла ў адказ на скаргу пра парушэнне Выбарчага кодэкса з боку кандыдата Лукашэнкі.
Экспертную ацэнку заявам Сяргея Калякіна і Галіны Сямдзянавай даў Вадзім Іпатаў, намеснік старшыні ЦВК.
На яго погляд, Аляксандр Лукашэнка не парушаў Выбарчага кодэкса, паколькі не прыцягваў асобаў, змешчаных у падначаленні ці іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (ці) абранню кандыдата, перадае «Еўрарадыё».
«Падчас самога мерапрыемства давераныя асобы Аляксандра Лукашэнкі не займаліся агітацыйнай дзейнасцю», — заўважыў Вадзім Іпатаў.
Таццяна Процька, якая прадстаўляе ў ЦВК Уладзіміра Някляева, звярнула ўвагу Цэнтрвыбаркаму на тое, што падчас сустрэчы з даверанымі асобамі Аляксандр Лукашэнка парушыў яшчэ адзін пункт артыкула 73 Выбарчага кодэкса. Згодна з якім, недапушчальна выкарыстанне памяшканняў, займаных дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню і (ці) абранню кандыдата, калі іншыя кандыдаты не могуць скарыстацца гэтымі памяшканнямі на аналагічных умовах.
«Беспрацоўны кандыдат і прэзідэнт не могуць быць у роўных умовах!» — адрэагавала на гэтую заўвагу старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.