24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На судзе над Алегам Сурганам жыхары Віцебску абвяргаюць паказанні міліцыянтаў

5

У Віцебску праходзіць суд над актывістам апазіцыі Алегам Сурганам, якога забралі ў міліцыю ў верасні 2009 года за бел-чырвона-белы сцяг і збілі.

Віцебская каардынатарка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец паведаміла БелаПАН, што актывіст апазіцыі Алег Сурган не прызнаў сябе вінаватым.

Суд над Сурганам распачаўся ў Віцебску 9 лютага. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Максімальнае пакаранне — пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў. Сурган знаходзіўся пад падпіскай аб невыяздзе, аднак увечары 27 студзеня ён быў затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар.

Па словах Таццяны Севярынец, на судовым паседжанні 9 лютага былі дапытаныя шэсць сведак. «Супрацоўнікі міліцыі, блытаючыся ў паказаннях, сцвярджалі, што падчас затрымання побач з Сурганам стаяла паўтаралітровая бутэлька піва, ён быў п'яны, аказваў ім супраціў, ударыў міліцыянта ў машыне нагой у грудзі, у аддзяленні міліцыі пагражаў разбіць усё шкло, таму да яго была ўжытая фізічная сіла і спецсродкі. Самі міліцыянты сцвярджалі, што паводзілі сябе карэктна», — паведаміла Севярынец.

Аднак, паводле яе словаў, прадаўшчыца газетнага кіёска, каля якога забіралі Алега Сургана, паказала зусім іншае: ніякіх бутэлек у Сургана не было, ён быў цвярозы, а міліцыянты паводзілі сябе груба і нават пры затрыманні «паклалі Сургана тварам у лужыну».

Актывіст апазіцыі не прызнаў сябе вінаватым і заявіў, што супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленні ўжывалі да яго катаванні.

Суд працягнецца 10 лютага ў 10 гадзінаў раніцы з допыту сведак. Чакаецца, што будуць дапытаныя брат абвінавачванага Тарас Сурган, які быў затрыманы разам з ім, яго дачка Кацярына і сябар Сяргей Каваленка. Таксама, магчыма, будуць дапытаныя ўрачы хуткай дапамогі, якія прыехалі да Алега Сургану ва УУС Кастрычніцкага раёна Віцебска і зафіксавалі яго моцнае збіццё.

Інцыдэнт, у сувязі з якім праходзіць судовы разгляд, адбыўся 3 верасна 2009 года. Як паведаміла Таццяна Севярынец, Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарта каля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант хтосьці вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. «У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебску, Алега абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол кудысьці знік, а замест яго з'явіўся іншы — нібыта Алег Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянта за палец», — сказала Севярынец.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках