23 лiстапада 2024, Субота, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З экіпажа гружанага зброяй Іл-76 знялі абвінавачванні

4

Беларускі лётчык, які быў арыштаваны ў Тайландзе, будзе дэпартаваны ў Беларусь.

11 лютага з экіпажа самалёта Іл-76, затрыманага ў снежні ў Бангкоку з нелегальным грузам зброі на борце, генеральная пракуратура Тайланда зняла абвінавачанні, паведамляе «Ассошиэйтед Пресс».

Пяць лётчыкаў - адзін грамадзянін Беларусі і чатыры грамадзяніны Казахстана - будуць дэпартаваны на радзіму, дзе, магчыма, паўстануць перад судом. «Суд тут не пойдзе на карысць Тайланду, таму мы вырашылі закрыць справу», - сказаў прэс-сакратар Генпракуратуры Тайланда Тханапіч Мулапрук. Пры гэтым самалёт і груз, знойдзены пры даглядзе, застануцца ў Тайландзе пад арыштам.

Пакуль незразумела, калі лётчыкі будуць дэпартаваны. Паводле інфармацыі СМІ, хутчэй за ўсё, пастанова аб вызваленні будзе выдадзена сёння, а ўжо заўтра члены экіпажа пакінуць Тайланд.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на МЗС Беларусі, зараз беларускі консул знаходзіцца ў Бангкоку. «Ён ужо сустракаўся з нашым грамадзянінам. Яму аказваецца прадугледжаная ў такіх выпадках консульская дапамога. Вядзецца праца з тайскімі ўладамі па арганізацыі выезду беларускага грамадзяніна з краіны», - зазначае прэс-служба МЗС.

Нагадаем, што ІЛ-76, зарэгістраваны ў Грузіі, быў затрыманы тайландскімі ўладамі 11 снежня 2009 года па падазрэнні ў перавозцы ўзбраенняў з Паўночнай Карэі. У складзе экіпажа - чатыры грамадзяніны Казахстана і грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў. Ім былі выстаўлены абвінавачанні ў незаконным захоўванні зброі і паведамленні заведама падманных звестак пра характар грузу ўладам Тайланда. Лётчыкі поўнасцю адмаўляюць сваю віну, сцвярджаючы, што не ведалі аб знаходжанні на борце зброі.

2 лютага міністр замежных спраў краіны Касіта Пірома паведаміў, што Кабінет міністраў прапанаваў пракуратуры вызваліць экіпаж, бо «рэзалюцыя ААН не накладае абавязак на Тайланд выносіць абвінавачанні ў дачыненні да пілотаў і каманды». Пры гэтым Пірома падкрэсліў, што Кабінет міністраў не можа прымусіць пракуратуру прыняць якое-небудзь рашэнне. Але ўрад Тайланда прасіў уважліва паставіцца да гэтай справы, таму што яна «даволі складаная і можа закрануць нацыянальную бяспеку і адносіны паміж краінамі».

29 студзеня пракуратура Тайланда адклала вынясенне рашэння аб лёсе экіпажа да 11 лютага з-за вялікай колькасці дакументаў, якія маюць дачыненне да гэтай справы і якія трэба было вывучыць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках