24 снежня 2024, aўторак, 2:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ канстатуе «рэгрэс» у стасунках з Беларуссю

9

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі заявіла, што адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам развіваюцца ў адмоўным накірунку.

Пра гэта, на думку віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі Кэтрын Эштан, сведчыць канфлікт паміж Беларуссю і Польшчай, выкліканы арыштамі прадстаўнікоў польскай меншасці, паведамляе «БДГ» са спасылкай на польскія СМІ.

«Гэтыя падзеі (арышт прадстаўнікоў Звяза палякаў Беларусі) сведчаць пра эскалацыю дзеянняў супраць польскай меншасці, і таксама пра рэгрэс ў стасунках паміж ЕЗ і Беларуссю», - прыводзяць польскія СМІ заяву Лютца Гельнера, прадстаўніка віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі.

Ад імя віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі ён выказаў надзею, што Беларусь будзе выконваць абавязальніцтвы, узятыя ў межах АБСЕ.

«Мы спадзяемся, што Беларусь будзе выконваць абавязальніцтвы, узятыя перад Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, датычныя правоў нацыянальных меншасцяў», – заявіў прадстаўнік Кэтрын Эштан.

Прадстаўнік віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі заклікаў беларускія ўлады правесці дэмакратычныя рэформы.

«Мы заклікаем Беларусь ажыццявіць гэтак неабходныя дэмакратычныя рэформы, каб Беларусь магла ў поўнай меры скарыстацца з Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Мы будзем уважліва сачыць за развіццём падзеяў у Беларусі», - падкрэсліў Лютц Гельнер.

Нагадаем, што 15 лютага беларускімі ўладамі было затрыманае кіраўніцтва Звяза палякаў у Беларусі (ЗПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мячыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гародні мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі ЗПБ.

Кіраўнік нефармальнага ЗПБ у Івянцы Тэрэза Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома палякаў. Пазоў у дачыненні да Собаль падаў старшыня праўладнага СПБ Станіслаў Сямашка.

Усяго 15 лютага ў розных месцах Беларусі былі затрыманыя каля 40 актывістаў ЗПБ, якія накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць Собаль.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках