23 снежня 2024, панядзелак, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: «Беларускую дыктатуру падкарміла Еўропа, у тым ліку і Польшча»

29
Станіслаў Шушкевіч: «Беларускую дыктатуру падкарміла Еўропа, у тым ліку і Польшча»

Еўрапейская палітыка дыялогу з дыктатурай Лукашэнка пацярпела фіяска. Яе трэба рашуча змяніць.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

-- Як Вы пракаментуеце ўвядзенне Польшчай візавых санкцыяў супраць чыноўнікаў, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях супраць беларускіх палякаў?

-- Вядома, гэта справядліва і нейкім чынам можа ўздзейнічаць на цемрашалаў. Але ёсць адзін чалавек (і мы ўсе яго ведаем), які вызначае ўсю рэпрэсіўную палітыку беларускіх уладаў. На ім гэта не адбіваецца ніяк. Таму, гэта, хутчэй, сімвалічная мера. Неэфектыўнасць такой меры ўжо была пацверджаная.

Польскія палітыкі зараз пажынаюць плады сваёй дзейнасці. Польшча, найбліжэйшая заходняя суседка Беларусі, занадта захапілася так званым новым еўрапейскім падыходам. Ёй бы самы час адрозніваць словы ад дзеянняў, а яна фактычна стала правадыром лініі па «перавыхаванні» дыктатара Лукашэнкі. Гэта, па меншай меры, наіўна. Мы сустракаліся шмат з якімі высокапастаўленымі польскімі палітыкамі, у тым ліку з міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім, і даводзілі да іх інфармацыю пра рэальную сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку пра масавыя парушэнні правоў чалавека.

Днямі кіраўнік МЗС Беларусі Мартынаў паехаў у Варшаву, падпісанае пагадненне аб прымежным супрацоўніцтве. Але на справе ніякага супрацоўніцтва не будзе. Я не прарок, але ўпэўнены, што з 1 чэрвеня гэтае пагадненне не будзе дзейнічаць. І палякі зноў зразумеюць, што значыць мець справу з непрадказальным дыктатарскім рэжымам. Дарэчы, адразу пасля Польшчы Мартынаў паехаў у Іран. Па-мойму гэта красамоўна паказвае вектар знешняй палітыкі Лукашэнкі.

-- Пасля візіту ў Варшаву кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава рэпрэсіі супраць Звяза палякаў толькі ўзмацніліся. Чаму гэта адбылося, бо Сікорскі перадаў праз яго ліст Лукашэнку з прывабнымі абяцаннямі ў выпадку спынення ціску на ЗПБ?

-- Уся палітычная сістэма ў Беларусі рэпрэсіўная, і яна душыць любое вальнадумства. Тут пануе дыктатура. Яе падкарміла Еўропа, у тым ліку і Польшча.

Я спадзяваўся, што прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі «па-мужчынску» паўплывае на міністра замежных справаў Сікорскага. Я сустракаўся з польскім прэзідэнтам, ён добра ўсё разумее, але, на жаль, знешнюю палітыку вызначае МЗС. Калі падыход МЗС Польшчы не зменіцца, калі не спыніцца гэтая згодніцкая палітыка, дык будуць працягвацца здзекі з польскай меншасці і беларускай большасці.

-- Шматлікія беларусы абураныя, што Польшча не рэагуе належным чынам на рэпрэсіі супраць усіх беларусаў, акцэнтуючы ў апошні час увагу толькі на польскай меншасці.

-- Тут я не магу асудзіць. Гэта палітыка Польшчы. Яна сваю меншасць лепш разумее. Тое, што яе падтрымліваюць – гэта правільна. Але трэба разумець, што гэтая меншасць знаходзіцца ў такім жа зняважаным становішчы, як і ўсе беларусы. І падтрымка толькі палякаў ніяк не адбіваецца на паляпшэнні іх жыцця ў нашай краіне.

-- Ці лічыце вы дастатковымі ўведзеныя візавыя санкцыі?

-- Не. Польскаму істэблішменту, як і ўсім еўрапейцам, трэба зразумець, што новая палітыка Еўропы правалілася. Дрэнная палітыка была замененая на яшчэ больш дрэнную. Дзякуючы новай еўрапейскай стратэгіі адбылося ўзмацненне беларускай дыктатуры, яна зрабілася нахабнай і раскашуе. А некаторыя еўрапейцы і некаторыя вельмі сімпатычныя Польшчы апазіцыянеры падтрымліваюць гэтую непатрэбную лінію. Я магу зразумець гэтых «апазіцыянераў», яны хочуць заставацца вечна ў апазіцыі і быць прыгрэтымі уладай. Сапраўдная ж апазіцыя ў Беларусі, якая бачыць сваёй мэтай перамогу свабоды і дэмакратыі, рэпрэсуецца, пераследуецца, церпіць ганенні.

Я думаю, што ёсць падставы задумацца над тым, што палітыка дыялогу з дыктатурай пацярпела фіяска. Трэба яе рашуча змяніць. Трэба спыніцца верыць абяцанням, а цвёрда і прынцыпова патрабаваць ад беларускага рэжыму канкрэтных дзеянняў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках