25 снежня 2024, Серада, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экалагічная экспертыза не ўхваліла будаўніцтва беларускай АЭС

3

15 лютага ў Менску прайшло адкрытае паседжанне экспертнай камісіі Грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС.

На паседжанні камісіі навукоўцы і спецыялісты абмеркавалі свае папярэднія высновы аб непрымальнасці рэалізацыі праекта АЭС-2006, у тым ліку па эканамічных, экалагічных і тэхнічных прычынах, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміла Ірына Сухій, старшыня савета грамадскага аб'яднання «Экадом», які выступіў арганізатарам грамадскай экспертызы, камісія робіць папярэднія высновы для таго, каб садзейнічаць Дзяржаўнай экалагічнай экспертызе ў аб'ектыўнай ацэнцы рэалізацыі праекта АЭС-2006 у Астравецкім раёне з улікам усіх рызыкаў і наступстваў.

«Мы спадзяемся, што высновы экспертаў, аўтарытэтных вучоных, будуць пачутыя і паўстане прадметная размова з бакамі, якія прымаюць рашэнні аб неабходнасці АЭС у Беларусі наогул», - сказала Сухій.

Паводле старшыні экспертнай камісіі, члена-карэспандэнта НАНБ Івана Нікітчанкі, асабліва важнай з'яўляецца выснова камісіі пра тое, што пры прыняцці рашэння аб будаўніцтве АЭС у Беларусі не улічваўся той факт, што ўсе яе жыхары ўжо значна пацярпелі ад наступстваў Чарнобыля і для іх непрымальныя міжнародныя нормы радыяцыйнай бяспекі, арыентаваныя на здаровага 20-гадовага мужчыну.

«Як паказалі нашыя даследаванні, ужо няма бяспечных для беларусаў доз радыяцыі», - заявіў Нікітчанка.

Расейскі вучоны-эколаг Аляксей Яблакаў, член-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук, член Еўрапейскага камітэта па радыяцыйнай рызыцы, які як эксперт увайшоў у камісію, заявіў, што ўпершыню на постсавецкай прасторы ўдалося арганізаваць грамадскую экалагічную экспертызу, дзе аб'ядналіся эксперты трох краін - Беларусі, Украіны і Расеі.

«Важна тое, што яны ў сціснуты час і ва ўмовах недахопу надзейнай інфармацыі змаглі даць праекту прынцыповую ацэнку. Нам удалося зрабіць галоўнае: ацаніць недакладнасць і недастатковасць дадзеных, а таксама памылковасць некаторых палажэнняў, на якіх засноўвалася рашэнне аб будаўніцтве АЭС», - сказаў Яблакаў.

Эксперт камісіі, расейскі інжынер-фізік, каардынатар праектаў міжнароднай групы «Экаабарона» Андрэй Ажароўскі адзначыў, што прапанаваны Беларусі рэактар праекта У-492 «нідзе ў метале не рэалізаваны, адпаведна, не існуе вопытных доказаў яго надзейнасці і ўдаласці».

«Наша камісія прыйшла да высновы аб беспадстаўнасці даверу да папяровых разлікаў. Перад тым, як экспартаваць тэхнічныя рашэнні, Расея абавязаная іх даказаць на практыцы. Калі будзе прыняты гэты праект, то Беларусь стане выпрабавальным палігонам для «Расатама», - заявіў Ажароўскі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках