24 лiстапада 2024, Нядзеля, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракурор патрабуе для апазіцыянера Алега Сургана тры гады турмы

5

У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска скончылася разбіральніцтва па крымінальнай справе Алега Сургана, які быў затрыманы па падозранні ў вывешванні бел-чырвона-белага сцяга.

Алега Сургана вінавацяць у нападзе на міліцыянта Сяргея Дудкевіча. Як паведамляе «Радыё Свабода», а 10 гадзіне ў пятніцу 19 лютага суддзя Яўген Буруноў павінен вынесці прысуд.

Прысутны на судзе пракурор заявіў сёння, што Алега Сургана варта асудзіць на тры гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму, з улікам таго, што раней падсудны ўжо быў двойчы пакараны за крымінальныя злачынствы.

Міліцыянт Сяргей Дудкевіч, які сцвярджае, што падсудны здзейсніў на яго напад - укусіў за мезенец левай рукі, калі яго везлі ў міліцэйскай машыне, - патрабуе ўжо не 1 мільён рублёў, як раней, а 10 мільёнаў матэрыяльнай кампенсацыі за маральную шкоду.

Супрацоўнік міліцыі раней казаў, што пасля ўкусу ён баіцца захварэць на гепатыт, бо Алег Сурган, паводле яго словаў, верагодна, з’яўляецца носьбітам вірусу гэтай хваробы. Цяпер ён заяўляе, што пасля інцыдэнту мусіў перайсці на ніжэйшую пасаду з заніжаным заробкам.

Дадзеныя словы прысутныя на судзе сябры і аднадумцы Алега Сургана лічаць ускосным прызнаннем вінаватасці міліцыянта з боку ягонага начальства, нягледзячы на тое, што пасля скаргі пракуратура адмовілася завесці на супрацоўніка РАУС крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Адвакат Вячаслаў Праскаловіч у сваім выступе заявіў, што лічыць усе паказанні міліцыянта хлуслівымі – бо яны разыходзяцца з паказаннямі сведкаў. Выклікаюць сумненне і супярэчлівыя даведкі пра медычныя агляды: у адной напісана, што рана на мезенцы міліцыянта мае памер 2 на 3 мм, а ў другой - 0,5 см на 2,5 см.

Вячаслаў Праскаловіч лічыць, што крымінальная справа супраць Алега Сургана пачалася з вывешвання бел-чырвона-белага сцяга 3 верасня на праспекце Фрунзэ Віцебска. Менавіта з гэтай нагоды было прынята рашэнне затрымаць падсуднага, але ён запатрабаваў, каб перш-наперш міліцыянты зрабілі вопіс рэчаў, якія ў яго былі. Такім чынам Алег Сурган хацеў пазбегнуць магчымых правакацый. Але міліцыянты адмовіліся гэта рабіць і кваліфікавалі паводзіны затрыманага як непадпарадкаванне.

У міліцэйскай машыне Алег Сурган нібыта «цёрся шчокамі аб падлогу» і «біўся галавой аб дзверы», такім чынам наносячы самому сабе цялесныя пашкоджанні. Так кажа «пацярпелы», міліцыянт Сяргей Дудкевіч.

Падсудны Алег Сурган, а таксама яго брат, актывіст «Маладой Беларусі» Тарас Сурган, які назіраў працэс затрымання, абвяргаюць паказанні Сяргея Дудкевіча. Тарас Сурган прадставіў суду фотаздымкі, зробленыя мабільным тэлефонам – на іх бачна, што твар затрыманага збіты, а рукі сцёртыя кайданкамі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках