24 лiстапада 2024, Нядзеля, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Збітага міліцыяй Алега Сургана арыштавалі на 6 месяцаў

59
Збітага міліцыяй Алега Сургана арыштавалі на 6 месяцаў

У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітвязень – затрыманага за нацыянальны сцяг апазіцыянера прысудзілі да паўгода арышту.

Прысуд актывісту апазіцыі Алегу Сургану вынес суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебску Яўген Буруноў. Пра гэта сайту charter97.org паведаміў лідэр партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

Інцыдэнт, у сувязі з якім праходзіць судовы разгляд, адбыўся 3 верасня 2009 года. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса затрымалі на прыпынку грамадскага транспарта каля Віцебскага медуніверсітэта, на будынку якога ў той момант хтосьці вывесіў бел-чырвона-белы сцяг. У пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС Віцебска, Алега Сургана абвінавацілі ў вывешванні сцяга, аднак пазней гэты пратакол кудысьці знік, а замест яго з'явіўся іншы — нібыта Сурган знаходзіўся ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, нецэнзурна лаяўся і пры затрыманні ўкусіў міліцыянта за палец.

Пракурор запатрабаваў асудзіць Сургана на 3 гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Міліцыянт Сяргей Дудкевіч, які сцвярджае, што падсудны здзейсніў на яго напад – укусіў за мезенец левай рукі, калі яго везлі ў міліцэйскай машыне, – патрабаваў 10 мільёнаў матэрыяльнай кампенсацыі за маральную шкоду. У выніку суд пастанавіў, што апазіцыянер павінен выплаціць Дудкевічу 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі.

Адвакат Вячаслаў Праскаловіч у сваім выступе сказаў, што лічыць усе паказанні міліцыянта ілжывымі – таму што яны разыходзяцца з паказаннямі сведак. Юрыст лічыць, што крымінальная справа супраць Алега Сургана пачалася з вывешвання бел-чырвона-белага сцяга 3 верасня на праспекце Фрунзе Віцебска. Менавіта ў сувязі з гэтым было прынятае рашэнне затрымаць падсуднага, але ён запатрабаваў, каб, перш за ўсё, супрацоўнікі міліцыі зрабілі вопіс рэчаў, якія ў яго былі. Такім чынам, Алег Сурган хацеў пазбегнуць магчымых правакацыяў. Але міліцыянты адмовіліся гэта рабіць і кваліфікавалі паводзіны затрыманага як непадпарадкаванне.

Міліцыянт Сяргей Дудкевіч сцвярджаў на судзе, што ў міліцэйскай машыне Алег Сурган нібыта «цёрся шчокамі аб падлогу» і «біўся галавой аб дзверы», такім чынам, наносячы самому сабе цялесныя пашкоджанні.

Падсудны Алег Сурган, а таксама яго брат, актывіст «Маладой Беларусі» Тарас Сурган, які назіраў працэс затрымання, абвяргаюць паказанні Сяргея Дудкевіча. Тарас Сурган даў суду фотаздымкі, зробленыя мабільным тэлефонам – ні іх бачна, што твар затрыманага – збіты, а рукі сцёртыя кайданкамі.

Фота Радыё Свабода

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках