24 снежня 2024, aўторак, 5:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На МАЗе рыхтуюцца масавыя звальненні

66

З Менскага аўтамабільнага завода могуць быць звольненыя пяць тысячаў чалавек.

На мінулым тыдні ў свежым нумары шматтыражкі «Аўтазаводзец», а таксама на традыцыйных інфармацыйных сходах працаўнікам МАЗа распавялі пра сітуацыю на прадпрыемстве. Некаторыя з іх запісалі інфармацыю пра антыкрызісныя меры, якія збіраецца распачаць наймальнік, і перадалі іх газеце «Салідарнасць». Пакуль можна канстатаваць: вынікі трох месяцаў працы МАЗа пад кіраўніцтвам новага генеральнага дырэктара Аляксандра Бароўскага несуцяшальныя.

«На сустрэчах з працаўнікамі прадстаўнікі адміністрацыі фактычна прызналіся ў эканамічным банкрутстве прадпрыемства, — распавёў супрацоўнік МАЗа са шматгадовым стажам. — За тры месяцы не атрымалася палепшыць сітуацыю, больш за тое — стала яшчэ горш. Таму наймальнік мае намер распачаць антыкрызісныя меры».

Такім чынам, што гэта за план? Па-першае, завод чакае праца па скарочаным графіку. А гэта — не больш за 16-17 працоўных дзён у месяц.

Па-другое, скарачэнне каля пяці тысячаў чалавек. Як удакладніла крыніца, «гэта закране ў асноўным інжынерна-тэхнічных працаўнікоў, паколькі сёння на МАЗе на аднаго працоўнага прыходзіцца прыкладна восем чалавек з гэтага складу (інжынеры, тэхнолагі, майстры)». Сусветная ж практыка – ад 1:1 да 1:4.

«Працоўных чапаць пакуль не будуць, так што хваляванняў у гэтым асяродку няма. Праўда, цяпер некаторыя з пазітывам узгадваюць папярэдняе кіраўніцтва, паколькі, хоць пры ім і былі нейкія незразумелыя марнаванні і завоблачныя зарплаты ў асобных мэнэджараў, затое не скарачалі найманых працаўнікоў», — сказаў суразмоўца.

Па-трэцяе, плануецца ўпарадкаванне зарплаты па выніках дзейнасці. Ужо за мінулы месяц шэраговыя майстры атрымалі ўрэзаную прэмію, у сярэднім — на 200 тысячаў рублёў. Некаторыя прэміяў пазбавіліся зусім.

Яшчэ адна з мераў, накіраваных на скарачэнне выдаткаў, -- гэта адмова ад дастаўкі завадскім аўтатранспартам іншагародніх працаўнікоў. Да гэтага пяць-шэсць аўтобусаў прывозілі на працягу працоўнага дня каля 700 працоўных, якія пражываюць па-за межамі Менска.

Таксама кіраўніцтва МАЗа мае намер паступова адмаўляцца ад аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства. Да іх адносяцца дамы адпачынку, паліклініка, дзіцячыя садкі і лагеры. У пераходным перыядзе рамонт гэтых аб'ектаў будзе праводзіцца сіламі працаўнікоў прадпрыемства.

Тое, што Менскі аўтамабільны завод перажывае далёка не лепшыя часы, пацвярджае і афіцыйная статыстыка. Паводле дадзеных Белстата, у студзені ў Беларусі выраблены 671 грузавы аўтамабіль (сюды таксама ўваходзяць БелАЗы і прадукцыя машынабудаўнічага холдынгу, але асноўная колькасць грузавікоў — усёткі МАЗы). Гэта менш, чым у студзені 2009 года на 57,6%. У параўнанні ж са студзенем 2008 года, калі было выпушчана 2,2 тысячы грузавых аўтамабіляў, падзенне склала 70%.

Зрэшты, як адзначаюць эксперты, спасылаючыся на статыстычныя дадзеныя, і гэтую «драбніцу» МАЗу можна было не вырабляць, бо на складах назапасілася больш за 3.676 грузавых аўтамабіляў, што перавышае сярэднемесячны аб'ём вытворчасці ў 5,5 раза. Гэта азначае, што, як мінімум, паўгода завод можа не працаваць. Тым больш, што гэтага аб'ёму хопіць, каб забяспечыць экспарт грузавікоў на ўзроўні мінулага года (за 2009 год краіна прадала на экспарт толькі 2.987 грузавых аўтамабіляў, скараціўшы яго ў параўнанні з 2008 годам амаль на 75%). Аднак такое падзенне попыту не перашкодзіла ўзняць экспартны кошт — ён вырас у 2009 годзе на 60%.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках