26 снежня 2024, Чацвер, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ландсбергіс: Расея перапісвае і міфалагізуе гісторыю

11

Былы старшыня Сейма Літвы нагадаў, што ў суседняй краіне перапісваюць падручнікі, каб «не засталося нічога дрэннага пра бязгрэшную і святую Расею».

На тэму Другой сусветнай вайны вядуцца заўзятыя дыскусіі, паколькі Расея хацела б, каб сусветную гісторыю, а асабліва еўрапейскую, пісалі паводле яе версіі. Пра гэта заявіў дэпутат Еўрапарламента ад Літвы, былы кіраўнік літоўскага Сейма Вітаўтас Ландсбергіс.

Палітык падкрэсліў, што гістарычныя веды асабліва важныя для такіх краінаў, як Літва, паколькі гэтыя краіны вымушаныя аспрэчваць «інсінуацыі» пра тое, быццам яны з'явіліся толькі пасля развалу СССР, перадае ru.DELFI.lt.

«Гісторыя – гэта поле вялікай палітычнай барацьбы, поле міжнароднай палітычнай бітвы. Тут увесь час адбываецца заўзятая дыскусія пра Другую сусветную вайну. Паколькі адна дзяржава з прычыны сваёй ваеннай і газавай моцы хацела б, каб сусветная, а асабліва еўрапейская гісторыя былі напісаныя паводле яе версіі, і злуецца, і шмат сродкаў і энергіі марнуе на тое, каб гісторыя, якая абапіраецца на факты, называлася перапісваннем гісторыі, а міфалогія, сфармуляваная гэтай краінай, называлася гісторыяй», – сказаў Ландсбергіс, чытаючы лекцыю ва ўніверсітэце ім. Міколаса Рэмерыса.

Ён дадаў, што «тая ж дзяржава» пяць-восем гадоў таму вуснамі свайго самага высокапастаўленага чыноўніка «загадала перапісаць падручнікі па гісторыі, каб у іх не засталося нічога дрэннага пра бязгрэшную і святую Расею: ні невысакародных учынкаў, ні паразаў».

Еўрапарламентар таксама адказаў на пытанні студэнтаў. На пытанне, што б ён рабіў, калі б на Літву хто-небудзь напаў, палітык адказаў, што не ведае, ці ўзначаліў бы партызанскія атрады. Па словах Ландсбергіса, ён распачаў бы тыя ж формы пратэсту, што і 13 студзеня 1991 года: пратэставаў бы, звяртаўся да сусветнай супольнасці, распаўсюджваў бы заклікі.

«Я не ведаю, стаў бы я асабіста ўзначальваць партызанскі супраціў, можа, знайшліся б іншыя. (...) Быць можа, я як і 13 студзеня ў такіх абставінах, рассылаў заклікі Вярхоўнага Савета, аўдыё- і відэазапісы, каб, калі нас не стане, людзі маглі б пачуць, што трэба рабіць ва ўмовах акупацыі», – сказаў Ландсбергіс.

Ён падкрэсліў, што няўзброены супраціў – гэта адзін з найважнейшых поспехаў Літвы, паколькі той, хто нападае, заўсёды спадзяецца на ўзброены супраціў, каб потым абвінаваціць таго, на якога напаў. «Грузіны не вытрымалі, зараз сітуацыя не з лепшых. У іх стралялі, стралялі, стралялі і, у выніку, стрэлілі і яны, зараз яны вінаватыя», – адзначыў палітык.

Ландсбергіс нагадаў, што ёсць розныя формы супраціву: непрызнанне акупацыйнай улады, невыкананне законаў, адмова ад супрацоўніцтва, адмова ад здрады сваім.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках