23 снежня 2024, панядзелак, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: «Безагляднае ўсёдараванне Лукашэнку будзе прытарможанае»

3

Канфлікт вакол непрызнанага Саюза палякаў Беларусі ўжо выйшаў па-за межы беларуска-польскага дыпламатычнага скандалу.

Цяпер гэта выглядае як вайна афіцыйнага Менска з Еўразвязам, усходнім фарпостам якога Польшча і з'яўляецца. Чаму беларускія ўлады правакуюць пагаршэнне стасункаў з Еўропай? Асабістым меркаваннем на гэты конт з «Беларускім партызанам» падзяліўся адзін з заснавальнікаў Партыі Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка.

- Чым Вам падаецца канфлікт вакол непрызнанага Саюза палякаў на Беларусі? Гэта беларуска-польскі дыпламатычны канфлікт альбо нешта іншае?

- Не, гэта не канфлікт двух краінаў, не міжнацыянальны канфлікт. Гэта складовая частка лініі на задушэнне любых праяваў незалежнай грамадскай самаарганізацыі, якая існавала ўвесь гэты час.

Але адбываецца гэта менавіта зараз і ў абвостранай форме, і сведчыць, што, акрамя пастаяннай лініі на задушэнне, існуе і сітуацыйны складнік. Лукашэнка дэманструе: калі ёсць загад цягнуць яго ў Еўропу любымі спосабамі, дык яго і будуць цягнуць у Еўропу любымі спосабамі і сродкамі, такога, які ён ёсць. «Палюбіце мяне такім, які я ёсць». І менавіта гэтая акалічнасць ставіць у тупік тых еўрапейскіх палітыкаў, якія два гады таму выпрацавалі такую стратэгію ў дачыненні да афіцыйнага Менска.

- Часамі даводзіцца чуць, што не Лукашэнка ідзе на абвастрэнне з Еўропай, а нейкія кланы, якія існуюць ўнутры беларускай улады і кроўна зацікаўленыя пасварыць Менск з Еўропай, з Захадам.

- Усё гэта байкі. Безумоўна, унутры беларускай улады існуюць кланы і нейкія групоўкі па інтэрасах. Але канчатковае рашэнне ў гэтай сістэме ўлады прымае толькі адзін чалавек, і завуць гэтага чалавека - Лукашэнка. Гады тры таму некаторыя так званыя «аналітыкі» пачалі ўкідку у грамадскую свядомасць - як для ўнутранага, так і для знешняга спажывання - ідэі пра існаванне ўнутры беларускай улады праеўрапейскай групоўкі. Нібыта Макей, Пяткевіч зацікаўленыя ў развіцці добрых стасункаў з Еўропай і гатовыя распачаць перабудову.

Ёсць кансалідаваны кулак улады, які не перастаў быць прарасейскім. Канфлікт вакол СПБ - гэта, па-першае, дэманстрацыя лаяльнасці Крамлю. Гэта - на карысць Крамлю. І гэта - тэст Крамля - наколькі можна зняважыць Польшчу рукамі Лукашэнкі. Бо менавіта Польшча заўсёды займала найбольш прынцыповую і паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да Расеі.

- Вашыя прагнозы: у якім накірунку варта чакаць развязкі?

- Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі будзе працягвацца лінія на пагаршэнне сітуацыі ўнутры Беларусі.

Калі казаць пра узаемадачыненні Менска з Еўропай, дык, думаю, будзе прынята некалькі палітычных заяваў. Думаю, будзе прытарможана безагляднае ўсёдараванне Лукашэнку - у надзеі вырваць яго з-пад расейскага ўплыву і ўцягнуць у еўрапейскую цывілізацыю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках