26 снежня 2024, Чацвер, 11:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справу апазіцыянера Сяргея Каваленкі вядзе ўжо трэці следчы

2

Упраўленне папярэдняга расследавання УУС Віцебскага аблвыканкама выклікала на допыт рэдактара сайта «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро.

Як высветлілася, справу віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які 7 студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай гарадской ёлцы Віцебска, перадалі новаму следчаму, Андрэю Баранаву, - ужо трэцяму пасля следчых-жанчынаў Таццяны Турлаевай і Аксаны Муравіцкай, перадае «Радыё Свабода».

Баранаў распытваў журналіста, наколькі даўно і як добра яны з Сяргеем Каваленкам знаёмыя, і ці не ведаў Сяргей Серабро загадзя пра запланаваную акцыю са сцягам. Таксама следчы распытваў пра падрабязнасці фатаграфавання падзеяў на плошчы Перамогі ў Віцебску, дзе на ёлцы з'явіўся сцяг.

Нагадаем, што ў Сяргея Серабро, які фатаграфаваў вывешванне сцяга, а потым тое, як яго здымалі супрацоўнікі МНС, міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя. 13 студзеня быў праведзены ператрус у кватэры, якую здымаюць Серабро і яго жонка. У прысутнасці гаспадыні кватэры былі канфіскаваныя два кампутары і фотаапарат, якія належалі журналісту. Пра незаконнасць гэтых дзеянняў была пададзеная скарга ў пракуратуру, і 27 студзеня аргтэхніку вярнулі.

Нагадаем, што 7 студзеня на галоўнай ёлцы горада з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках