Аляксей Грышын заваяваў першае «золата» Алімпіяды
38- 26.02.2010, 8:57
Гэта першы залаты медаль беларускіх спартоўцаў на зімовых Алімпіядах у суверэннай гісторыі краіны.
Беларускія спартоўцы заваявалі першы залаты медаль за час выступлення на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай. 30-гадовы фрыстайліст Аляксей Грышын заняў першае месца ў фінале спаборніцтваў ванкуверскай Алімпіяды.
Па суме двух скачкоў Грышын набраў 248,41 бала. «Срэбра» атрымаў амерыканец Джэрэт Петэрсан (247,21), «бронзу» — кітаец Лю Чжунцін (242,53). Цімафей Слівец заняў дзевятае месца (225,58), Дзмітры Дашчынскі — 11-е (215,68) сярод 12 удзельнікаў.
Пасля першай спробы Грышын быў другім (120,58), Слівец — шостым (115,84), Дашчынскі — 12-м (86,95). У другім скачку Дашчынскі паказаў другі вынік (128,73), Грышын — чацвёрты (127,83), Слівец — 12-ы (109,74).
На Алімпіядзе-2002 у Солт-Лэйк-Сіці Грышын заваяваў бронзавы медаль, а праз чатыры гады ў Турыне быў чацвёртым. Дашчынскі з'яўляецца бронзавым прызёрам АГ-1998 і срэбным — АГ-2006.
У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі № 636 ад 27 кастрычніка 2006 года «Аб некаторых мерах па падрыхтоўцы беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў 2008 і 2010 гадоў» Аляксей Грышын атрымае за «золата» 100 тыс. даляраў ЗША.
За час выступлення на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай беларускія спартоўцы яшчэ ні разу не заваёўвалі больш за два медалі. У 1994 годзе ў Лілехамеры было два «срэбры», у 1998-м у Нагана — дзве «бронзы», у 2002-м у Солт-Лэйк-Сіці — адна «бронза», у 2006-м у Турыне — адно срэбра», нагадвае БелаПАН.
У Ванкуверы на рахунку прадстаўнікоў Беларусі тры медалі — залаты, срэбны (Сяргей Новікаў, біятлон) і бронзавы (Дар'я Домрачава, біятлон).
Пасля перамогі Грышына ў агульным медальным заліку Беларусь узнялася з 23-га на 15-е месца, якое дзеліць са Славакіяй. Лідыруюць ЗША (8, 12, 12), Нямеччына (8, 11, 8) і Канада (8, 6, 2).