24 лiстапада 2024, Нядзеля, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За арэнду жылля без дамовы – канфіскацыя

87

У сувязі cа зменамі ў Адміністрацыйным кодэксе беларускія суды змогуць канфіскоўваць кватэры ў арэндадаўцаў.

З 23 лютага ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя змены, унесеныя ў Адміністрацыйны кодэкс РБ, нагадвае «Еўрарадыё». Згодна з імі, арэндадаўцаў і арандатараў чакаюць непрыемныя «сюрпрызы».

Як высветлілася, калі гаспадар здае кватэру ці пакой без адпаведнага дазволу падаткавікоў, за гэта яго могуць пакараць нават канфіскацыяй жылля. Пра гэта распавёў намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне Менска Аляксандр Рэнейскі.

«Там прадугледжаная альтэрнатыва — ці штраф, ці канфіскацыя. Гэта ўжо будзе суд вырашаць. Але гэта ў тым выпадку, калі гэта злосныя, сістэматычныя парушальнікі», -- заявіў Аляксандр Рэнейскі.

У адпаведнасці з заканадаўствам, тыя, хто здаюць кватэру ці пакой, займаюцца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Як і бабулі, якія прадаюць гародніну ці семкі ў пераходах, ці аўтаўладальнікі, якія «таксуюць», не маючы дзяржаўнай рэгістрацыі ці ліцэнзіі.

А платай за такі нелегальны бізнэс можа стаць штраф у памеры да 3,5 мільёнаў рублёў з канфіскацыяй «рэчываў, прадметаў і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння». Для нелегальных таксістаў гэта азначае канфіскацыю машыны, для бабуляў – семак, для ўладальнікаў здадзеных кватэраў – канфіскацыю жылой плошчы.

Праўда, да апошняга пакуль яшчэ справа не даходзіла, кажа прадстаўнік падатковых органаў.

«Па кватэрах, я не памятаю, каб канфіскоўвалі. А вось па машынах, па прыватным перавозе, калі раней такая норма была ў кодэксе, дык такія выпадкі былі. Зразумела, што такі прысуд суды выносілі не з першага разу: усе разумеюць, што канфіскацыя – гэта ўжо такая сур'ёзная мера. Тым больш, па кватэрах. Тэарэтычна такая норма ёсць. І калі сістэматычна будзе парушацца, дык фактычна суд можа яе ўжыць. Іншае пытанне – ужыве ці не», -- сказаў Аляксандр Рэнейскі.

Каб суддзя пайшоў на такую скрайнюю меру, кажа Аляксандр Рэнейскі, у суд павінны быць прадстаўленыя сур'ёзныя доказы таго, што чалавек увесь час здае кватэру, атрымлівае з гэтага прыбытак, нідзе не зарэгістраваны і не плаціць падаткаў.

На тое, што падаткавікі не даведаюцца пра такога кшталту незаконную дзейнасць, спадзявацца не варта, кажа намеснік начальніка падатковай інспекцыі. Крыніцаў інфармацыі ў іх дастаткова.

«Розныя крыніцы: ёсць жа ЖЭСы, тыя жа суседзі, якія могуць паінфармаваць. Не ўсім жа падабаецца, калі засяляецца чалавек незразумелы і турбуе суседзяў», -- заявіў Рэнейскі.

Можа і сам наймальнік, маючы даўгі па квартплаце, «здаць» гаспадара кватэры падаткавікам, каб зэканоміць грошы. А ёсць яшчэ і міліцыянты, якія таксама збіраюць інфармацыю на такіх прадпрымальнікаў. Пра гэта распавёў прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

«Прадпрымальніцкая дзейнасць датычыць шматлікіх сфераў гандлю і разлікаў. І праца вялася па ўсіх гэтых сферах. Я упэўнены, што па такіх кватэрах праца таксама вялася, і яна будзе весціся. Іншая справа, што яна будзе актывізаваная», -- заявіў Ластоўскі.

Аднак, на думку юрыста Гары Паганяйлы, такія санкцыі не адпавядаюць цывілізаваным стандартам прававой дзяржавы.

«Прыватная ўласнасць павінна ахоўвацца законам, калі ты яе атрымаў сумленнай працай. І забраць яе ў выглядзе рэалізацыі па нявыплаце падаткаў, пазбавіць жылля – так не павінна быць», -- адзначыў юрыст.

Асабліва, па словах Гары Паганяйлы, у тых выпадках, калі чалавек займаецца гэтым вымушана, зарабляе на жыццё, абмяжоўваючы ў жыллёвых умовах сябе. А што датычыць таго, што да гэтага часу выпадкаў канфіскацыі кватэраў за такое парушэнне не было, дык, адзначае юрыст, для гэтага падобныя нормы і былі ўведзеныя, каб імі карыстацца.

Напісаць каментар 87

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках