24 снежня 2024, aўторак, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Агнешка Рамашэўская: Рэпрэсіі не паўплываюць на нашую журналісцкую пазіцыю

4

Беларускія ўлады распачалі новую кампанію па дыскрэдытацыі незалежных журналістаў.

Агнешка Рамашэўская пракаментавала міліцэйскі налёт на офіс «Белсата» у Менску.

«Дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да тэлеканала «Белсат» – гэта чарговая спроба перашкодзіць працы і дыскрэдытаваць незалежных журналістаў», - заявіла дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўская.

«У апошнія тыдні ўзмацніўся ціск з боку спецслужбаў на журналістаў тэлеканала. Мы сочым за лёсам нашага калегі журналіста Івана Шульгі, затрыманага міліцыяй, і прыкладзем усе намаганні для яго вызвалення. Запэўніваем нашых гледачоў, што ціск з боку ўладаў не паўплывае на нашую журналісцкую пазіцыю. Мы і надалей будзем несці дакладную інфармацыю жыхарам Беларусі», - цытуе Рамашэўскую прэс-служба «Белсата».

Як паведамляе «Радыё Свабода», месца знаходжання затрыманага 3 лютага журналіста, сябра грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Івана Шульгі невядомае.

Нагадаем, што 3 лютага каля 15 гадзінаў трое супрацоўнікаў міліцыі здзейснілі спробу ўварвацца ў кватэру, якую здымае прадстаўнік тэлеканала «Белсат» у Менску. Адначасова ў кватэры адключылі электрычнасць. У той час у кватэры былі беларускія журналісты. Міліцыянты затрымалі незалежнага журналіста Івана Шульгу. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта ўдарыў супрацоўніка міліцыі. Месцазнаходжанне Шульгі невядомае. Ні ў адным з РУУС Менска факт затрымання не пацвердзілі, падкрэслівае прэс-служба тэлеканала «Белсат».

Адзначым, што ўлады Беларусі ўжо тройчы адмовілі ў рэгістрацыі тэлеканалу «Белсат», нягледзячы на тое, што ў кастрычніку 2008 года Еўрапейскі Парламент заклікаў Еўрапейскую Камісію паспрыяць таму, каб урад Беларусі «паскорыў працэс афіцыйнай рэгістрацыі «Белсата» у Беларусі».

Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» было падпісанае 23 красавіка 2007 года паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем (TVP) і Міністэрствам замежных справаў Польшчы. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». 10 снежня 2007 года з выпуску навінаў пачалося тэставае вяшчанне «Белсата». Тэлеканал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС. Праграмы «Белсата» выходзяць у асноўным на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканала — даваць грамадзянам Беларусі аб'ектыўную і дакладную інфармацыю пра падзеі ў краіне, Еўропе і свеце.

У сакавіку 2008 года ў Беларусі прайшлі масавыя ператрусы ў офісах замежных СМІ, уключаючы тэлеканал «Белсат». У журналістаў канфіскоўвалі тэхніку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках