29 снежня 2024, Нядзеля, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Для многіх галін эканомікі - крызіс яшчэ наперадзе

15

Эксперты прагназуюць, што паляпшэнняў у эканоміцы ў бліжэйшы час не адбудзецца.

Выратаваць беларускі бюджэт ад падатковых недабораў можа пераарыентацыя на ўнутраны рынак збыту, лічаць эксперты. Аднак рэструктурызацыя айчыннай эканомікі пачнецца толькі да канца наступнага года. А значыць, у 2010 годзе варта чакаць значных праблем з напаўненнем бюджэту.

Як паведаміў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, у студзені недабор падатковых прыбыткаў у бюджэт краіны склаў 200 млрд. рублёў. У рэспубліканскі бюджэт без уліку прыбыткаў фондаў паступіла 2 трлн. рублёў, што адпавядае ўзроўню красавіка мінулага года. Правалены паступленні па ПДВ, акцызах, падатковых прыбытках ад знешнеэканамічнай дзейнасці, канстатаваў кіраўнік Мінфіна.

Тое, што студзень стаўся для бюджэту «прапашчым» месяцам, канстатуе і кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. У інтэрв'ю udf.by эксперт патлумачыў, што ў Беларусі «фармуецца бюджэт за кошт падаткаў, значная частка якіх звязана з знешнімі рынкамі». Продажам на асноўным знешнім рынку - у Расеі - перашкодзілі маразы і навагоднія вакацыі. А паколькі «нельга хутка зрушыць знешні попыт», адбываецца недабор падатковых паступленняў.

Міністр фінансаў паабяцаў прааналізаваць сітуацыю і сфармаваць прапановы па яе выпраўленні. Што распачне Мінфін, пакуль невядома. Аднак многія вядомыя беларускія эканамісты ўжо даўно прапануюць свой варыянт вырашэння праблемы, сказаў Леанід Заіка. На яго думку, магчымасць павысіць дынаміку і павялічыць попыт на тавары беларускай вытворчасці даў бы ўнутраны рынак. То бок дзяржаве трэба «прымаць меры для актывізацыі ўнутранага попыту».

«Знешнія рынкі нам не падуладныя. Чуў каментары некаторых чыноўнікаў, якія зноў чамусьці думаюць, што яны могуць змяніць рэзка сітуацыю на знешніх рынках. Гэта такі рамантызм», - лічыць эксперт. У прыклад ён прыводзіць Расею, якая стымулюе ўнутраны рынак і атрымлівае павелічэнне таварных і вартасных патокаў, а значыць, і падатковых паступленняў.

Эканаміст упэўнены, што «Беларусі трэба таксама прыняць рашэнне і разгортваць механізм стымулявання ўнутранага попыту». Зрабіць гэта можна «за кошт заахвочвання актыўнасці малога і сярэдняга бізнэсу».

Праўда, рэальнай рэструктурызацыі эканомікі, змянення параметраў знешняга попыту можна чакаць толькі да канца 2011-ў 2012 годзе, канстатуе Леанід Заіка. Цяперашні год пераломным пунктам крызісу не стане. Больш за тое, «па значным сегменце эканомікі крызіс у Беларусі яшчэ не наступаў». Паводле эканаміста, значных паляпшэнняў у эканоміцы ў першым квартале мы ўбачыць не зможам.

Бюджэт 2010 года будзе дэфіцытным, лічыць эксперт. Але пакуль складана сказаць, ці будзе дэфіцыт павялічвацца.

«Усе краіны, дзе і разумныя, і дурныя кіраўнікі, маюць бюджэт з дэфіцытам. Больш сродкаў з бюджэту выдаткоўваецца, з тым каб заахвочваць вытворчасць. У нашай практыцы баяцца бюджэтнага дэфіцыту», - сказаў Леанід Заіка. Паводле яго словаў, шмат грошай падчас крызісу ўжо змарнаваны, напрыклад, на лядовыя палацы і стадыёны.

«Да пачатку дэпрэсіі «вельмі патрэбны» быў комплекс «Менск-Арэна». Гэта ў 30-х гадах падчас крызісу людзі мелі патрэбу ў забавах і марах. А беларусам марыць асабліва не трэба - трэба працаваць», - адзначыў эксперт.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках