26 чэрвеня 2024, Серада, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Gazeta Wyborcza»: Еўропа па-ранейшаму слабая

Вялікай слабасцю Еўропы з'яўляецца адсутнасць палітычнай волі, каб умацоўваць пазіцыі на міжнароднай арэне за кошт непапулярных рашэнняў у сябе дома.

Еўропа па-ранейшаму слабая, - піша ў каментары ў выданні «Gazeta Wyborcza» Яцэк Паўліцкі, перадае «Польскае радыё».

«Ад моманту ўступлення ў сілу Лісабонскай дамовы прайшло больш за тры месяцы. Гэта можа занадта мала, каб рабіць высновы, але падзеі апошніх тыдняў даюць права зрабіць некалькі горкіх заўваг», - піша публіцыст.

На яго думку, пасля спякотнага перыяду, што папярэднічаў прыняццю Лісабонскай дамовы, усе крыху астылі.

«Цуду няма. Еўропа не стала мацнейшай, усё яшчэ не гаворыць адным голасам і еўрапейскія інстытуты працуюць, як і раней працавалі. Зусім не лепш», - лічыць Яцэк Паўліцкі і дадае, што першым трывожным сігналам было фіяска кліматычнага саміту ў Капенгагене:

«ЕЗ выступаў там у якасці лідэра рэгіёну, які ў справе выратавання клімату зрабіў больш за іншых. Аднак лідэрства Еўропы цалкам ігнаравалі ЗША, Кітай і іншыя краіны. Выснова? Можа часы, калі Стары кантынент дыктаваў трэнды, скончыліся?».

Другая чырвоная лямпачка запалілася, на думку Паўліцкага, пасля трагічных падзей на Гаіці, калі кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан не спяшалася з візітам на знішчаную землятрусам выспу. У той час, з гэтым не было ніякіх праблем у Хілары Клінтан, дзяржсакратара ЗША. Выснова? Вялікай слабасцю Еўропы з'яўляецца адсутнасць палітычнай волі, каб умацоўваць еўрапейскую пазіцыю на міжнароднай арэне за кошт непапулярных рашэнняў у сябе дома.

Яцэк Паўліцкі заўважае таксама, што трэці ўрок даў ЕЗ Барак Абама, які не з'явіцца на саміце ЕЗ-ЗША у траўні гэтага года. «З Вашынгтону мы атрымалі важны сігнал: Абама не прыязджае, бо не хоча дарма губляць час на пустыя размовы з ЕЗ. А адкуль яшчэ ведаць, з кім там размаўляць? З прэм'ерам Гішпаніі, якая старшынюе цяпер у Супольнасці або з прэзідэнтам ЕЗ Германам ван Рампеем?, - задаецца пытаннем журналіст. - Лісабонская дамова мусіла была высветліць такога роду сумневы і даць Еўропе адно аблічча».

Паўліцкі прытрымліваецца думкі, што з рашэннем Абамы звязана яшчэ адна праблема Еўропы: «Празмерная прывязанасць еўрапейцаў да сустрэч у вярхах. Выснова? ЕЗ занадта шмат энергіі губляе на заснаванне і функцыянаванне ўсялякіх інстытутаў».

«У выніку Свет губляецца не толькі ў еўрапейскай «саміталогіі», але і не верыць у Еўропу, якая кажа адным голасам. Сусветныя дзяржавы супрацоўнічаюць з асобнымі членамі ЕЗ, а не з усёй супольнасцю. Замест летуценняў пра пазіцыі сусветнага лідэра, ЕЗ павінен засяродзіцца на эфектыўным увасабленні ў жыццё сваіх ідэй. Паколькі будучым ЕЗ з’яўляецца такая Еўропа, якая справіцца з дэмаграфічнымі і эканамічнымі пытаннямі, захоўваючы тое, што для еўрапейцаў самае важнае: каштоўнасці і рынак, адчувальны да чалавечых патрэб», - падсумоўвае свой аналіз Яцэк Паўліцкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках