25 снежня 2024, Серада, 8:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтамі краін Балтыі і Польшчы

31
Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтамі краін Балтыі і Польшчы

На ўрачыстасці ў Літву першы кіраўнік незалежнай Беларусі прыляцеў на самалёце прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага.

11 сакавіка былы старшыня Вярхоўнага Савета, лідэр Сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч прадстаўляў Беларусь на ўрачыстасцях у Вільні з нагоды 20-годдзя аднаўлення незалежнасці Літвы. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прэзідэнты еўрапейскіх краін, кіраўнікі парламентаў, палітыкі і дыпламаты многіх краін свету.

Напярэдадні, 10 сакавіка, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч знаходзіўся ў Варшаве, дзе сустрэўся ў складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, дэпутатамі Сейма і Сената, а таксама дзяржсакратаром канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марыюшам Хандзлікам.

Адразу з Варшавы Станіслаў Шушкевіч мусіў ехаць у Вільню. Аднак яму патэлефанаваў асабіста прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і прапанаваў паляцець у Вільню разам з ім на прэзідэнцкім самалёце.

«Я паляцеў разам з Лехам Качыньскім на яго самалёце, і па дарозе мы змаглі паразмаўляць сам-насам больш за 40 хвілін. Мы дасягнулі поўнага ўзаемаразумення. Мяне вельмі ўсцешыла, што пазіцыя па Беларусі і прэзідэнта, і Сейма, і на дадзены момант нават МЗС Польшчы, стала адзінай. Яны разумеюць, што антыдэмакратызм беларускіх уладаў не звязаны толькі з палякамі - гэта агульная сітуацыя ў краіне, дзе парушаюцца правы ўсіх грамадзян. Рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе беларускіх палякаў, бо яны актыўныя, ініцыятыўныя грамадзяне, якія змагаюцца за свае правы і хочуць ствараць у краіне структуры грамадзянскай супольнасці. За вольнадумства і імкненне да дэмакратыі ў Беларусі пераследуюцца сёння ўсе, і кіраўніцтва Польшчы гэта разумее», - паведаміў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю сайту charter97.org.

11 сакавіка былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях у Сейме Літвы і прэзідэнцкім палацы. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ асабіста запрасіла Станіслава Шушкевіча на святочны абед разам з прэзідэнтамі еўрапейскіх краін. Паводле слоў палітыка, яму вельмі спадабаліся зносіны з Далей Грыбаўскайтэ: «Было вельмі прыемна з ёй паразмаўляць, і ўбачыць, як яе паважаюць і ў краіне, і калегі з іншых краін Еўропы», - сказаў Шушкевіч.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі правёў таксама сустрэчы з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам, прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Хендрыксам Ільвесам, былымі прэзыдэнтамі Літвы і Эстоніі Валдасам Адамкусам і Арнольдам Руйтэлям.

«Мы шмат гутарылі пра сітуацыю ў Беларусі і пра падыходы Еўропы да вырашэння праблемы з дэмакратыяй у нашай краіне. Я не хачу казаць, як прэзідэнты разумеюць гэтую сітуацыю і як збіраюцца дзейнічаць, каб яе выправіць. Не хачу, каб пра гэта стала вядома раней часу беларускаму рэжыму. Але магу сказаць, што ідэі цікавыя. Прэзідэнты разумеюць, што ніякіх рэальных крокаў па дэмакратызацыі беларускімі ўладамі не зроблена. Нікога ні ў чым ужо пераконваць не трэба. Ад размоваў трэба пераходзіць да справы. Магу толькі сказаць, што, як я зразумеў, безадказных крэдытаў Лукашэнку больш даваць ніхто не будзе», - распавёў Станіслаў Шушкевіч.

Што тычыцца афіцыйнай беларускай дэлегацыі на чале з віцэ-прэм'ерам Віктарам Бурам, якая паехала ў Вільню пасля адмовы наведаць урачыстасці Аляксандрам Лукашэнкам, то, паводле слоў Шушкевіча, ён іх «нават не бачыў». З кім сустракаліся, і што рабілі беларускія чыноўнікі ў Літве- незразумела.

11 сакавіка ўвечары Станіслаў Шушкевіч таксама сустрэнецца з дэпутатамі Сейма Літвы, якія падпісалі 20 гадоў таму Акт аб незалежнасці.

«У Літве вялікае свята. Вялікая колькасць людзей гуляюць па вуліцах Вільні, цудоўнае надвор'е, ідзе малебен у Кафедральным саборы. Прайшло святочнае шэсце моладзі па цэнтральных вуліцах - шэсце свабодных людзей. У мяне нават палепшыўся настрой, хоць у апошнія дні я спаў усяго па дзве гадзіны. Відаць, што людзі ўмеюць весяліцца і адзначаць цудоўныя святы. Літоўцы гэта заслужылі. Яны самазабыўна і бястрашна змагаліся за сваю свабоду - і дамагліся яе», - сказаў Станіслаў Шушкевіч.

Со спикером парламента Литвы Иреной Дегутене

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках