Прыехалі ...
26- 21.03.2010, 18:12
Беларускія аўтадылеры падлічваюць страты ад крызісу і Мытнага саюза з Расеяй і Казахстанам.
Брэнд-менеджэр холдынгу «Атлант-М» у Беларусі Ілля Прохараў 19 сакавіка на паседжанні круглага стала «Аўтамабільны рынак Беларусі ў межах Мытнага саюза» выказаў меркаванне, што калі б не фінансавы крызіс і Мытны саюз, праз два-тры гады продажы новых аўтамабіляў у Беларусі выраслі б да 50-60 тыс. у год, пішуць «Беларускія навіны».
«У Расеі ў 2009 годзе быў прададзены амаль мільён новых аўтамабіляў, у Беларусі - 17 тыс. аўтамабіляў, ці ў 58 разоў менш. Але насельніцтва Беларусі не ў 58 разоў менш за насельніцтва Расеі, а толькі ў 14 разоў. І калі б не крызіс і будаўніцтва Мытнага саюза, дык на працягу двух-трох гадоў мы б спакойна дасягнулі ўзроўню 50-60 тыс. новых аўтамабіляў у год», - перакананы Прохараў.
Як адзначыў дырэктар «Атлант-М Холпі» Аляксандр Скалубовіч, з пачатку года продажы аўтамабіляў дылерамі скараціліся ў некалькі разоў. «Напрыклад, калі ў 2008 годзе кампанія рэалізавала на ўнутраным рынку каля 1.400 аўтамабіляў «Мазды», дык ў 2009 продажы ўпалі да 840 аўтамабіляў», - сказаў дырэктар холдынгу.
У бягучым годзе, паводле прагнозаў кампаніі, гадавы аб'ём продажаў аўтамабіляў «Мазды» складзе каля 200. У сакавіку плануецца прадаць прыкладна 20 аўтамабіляў.
Разам з тым, як адзначыў Скалубовіч, расце імпарт новых аўтамабіляў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі. «Аналіз агульнай сітуацыі кажа пра тое, што беларускія аўтадылеры прадаюць аўтамабіляў у тры разы менш, чым ўвозяць фізасобы», - адзначыў ён.
Скалубовіч нагадаў, што актывізацыя грамадзянаў звязаная з дзеяннем для іх ранейшых ставак мытных пошлінаў на аўтамабілі, якія ўвозяцца. Для аўтадылераў стаўкі з 1 студзеня 2010 года ў сувязі з правіламі Мытнага саюза былі значна падвышаныя.
Чакаецца, што з 1 ліпеня стаўкі мытных пошлінаў для фізасобаў зробяць роўнымі са стаўкамі для юрасобаў. «Але нават калі мытныя пошліны і зробяць роўнымі, уздым на нашым аўтарынку ў лепшым выпадку адбудзецца толькі праз год», - лічыць Прохараў.