23 снежня 2024, панядзелак, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент чакае запрашэння Ярмошынай

13
Еўрапарламент чакае запрашэння Ярмошынай

Прадстаўнікі Еўрапарламента выказалі жаданне ўзяць удзел у назіранні за ходам мясцовых выбараў у Беларусі.

Еўрапарламент чакае, што беларускія ўлады запросяць назіральнікаў на мясцовыя выбары. Пра гэта 24 сакавіка на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай «Еўранэсту», заявіў старшыня Дэлегацыі Еўрапейскага Парламенту ў «Еўранэст» Крысціян Вігенін. Еўрадэпутаты хацелі б паглядзець, як будуць выкарыстоўвацца нядаўна ўнесеныя змены ў выбарчае заканадаўства і ці адбудуцца рэальныя зрухі ў гэтай сферы, паведамляе «Еўрарадыё».

Як адзначыў еўрадэпутат, хоць звычайна Еўрапарламент назірае за прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі, а не за мясцовымі, запрашэнне беларускіх уладаў было б станоўчым знакам. Напрыклад, на мінулым тыдні, паводле яго слоў, было прынята рашэнне аб стварэнні дэлегацыі назіральнікаў мясцовых выбараў у Грузіі.

Крысціян Вігенін заявіў, што мясцовыя выбары стануць адным з самых важных паказчыкаў гатоўнасці Беларусі ісці насустрач Еўропе. Ад гэтага будзе залежаць, ці будуць прадстаўлены беларускія «дэпутаты» у «Еўранэсце».

«Ці запрашаць, вырашае Беларусь. Гэта было б добрай ідэяй. Мы гатовыя да кампрамісаў, але і ад беларускага боку залежыць, ці падаваць знакі супрацоўніцтва», - сказаў Крысціян Вігенін.

Назіраць за мясцовымі выбарамі, паводле яго слоў, змогуць і замежныя дыпламаты.

«Спадзяюся, што, як нам абяцалі, замежным дыпламатам дазволяць назіраць за выбарамі, і яны падрыхтуюць для нас справаздачу», - адзначыў еўрадэпутат.

Праўда, жаданне паназіраць за ходам мясцовых выбараў у Беларусі, наўрад ці супадае з намерамі старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі яна заявіла, што міжнародныя прадстаўнікі не змогуць назіраць за «выбарамі». А заклікі некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі да Бюро АБСЕ даслаць назіральнікаў на выбары ў мясцовыя саветы ў Беларусі Ярмошына і зусім назвала «правакацыяй».

Паводле яе слоў, у кожнай краіны павінна быць паслядоўная тактыка і практыка прыцягнення міжнародных назіральнікаў на выбары. «У Беларусі на мясцовыя выбары міжнародныя назіральнікі не запрашаюцца. Калі мы адзін раз запросім, то не зможам адмовіцца ад гэтай практыкі», - заяўляла яна.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, усе выбарчыя кампаніі, якія праводзяцца ў Беларусі з 1996 года, прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Зыходзячы з гэтага, Лукашэнка не лічыцца легітымным прэзідэнтам з 1999 года. Тым не менш, на непрызнаным міжнароднай супольнасцю рэферэндуме 2004 года ён надзяліў сябе правам выбірацца прэзідэнтам неабмежаваную колькасць разоў. За фальсіфікацыю вынікаў выбараў і рэферэндумаў кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына занесеная ў спіс неўяздных у краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках