25 снежня 2024, Серада, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вучыцца правам чалавека ў Кітая

13

Беларускі кіраўнік сустрэўся з намеснікам старшыні КНР і дамовіўся супрацоўнічаць у пытанні правоў чалавека.

Намстаршыні КНР Сі Цзіньпін падчас перамоваў з беларускім кіраўніцтвам, якія праходзілі ў Менску 24 сакавіка, заявіў, што Кітай цалкам падтрымае Беларусь у пытанні правоў чалавека, якое будзе разглядацца ў Радзе па правах чалавека ў ААН, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Мэтазгодна больш шчыльна развіваць супрацоўніцтва на міжнароднай арэне Беларусі і Кітая. І зыходзячы з гэтага, КНР будзе падтрымліваць Беларусь у пытанні разгляду правоў чалавека ў Радзе па правах чалавека ў ААН», — сказаў Сі Цзіньпін.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Кітай ідуць па шляху ўмацавання стратэгічнага партнёрства, піша РІА «Новости».

«Мы выступаем з адзіных пазіцыяў па найважных пытаннях міжнароднага парадку дня, аднолькава не прымаймаем ціску і ўмяшальніцтва звонку, абараняем суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашых дзяржаваў», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што кіраўніцтва Беларусі лічыць абсалютна неабгрунтаванымі і супярэчлівымі прынцыпам Статуту ААН спробы вонкавых сілаў вынесці пытанне пра незалежнасць Тайваня на разгляд Генеральнай асамблеі ААН.

Тайвань з'яўляецца дэ-факта самакіравальнай тэрыторыяй з 1949 года, калі на востраў з мацерыковага Кітая беглі пераможаныя ў грамадзянскай вайне з камуністамі сілы партыі Гаміньдан. Тым не менш, Пекін разглядае востраў як неад'емную частку тэрыторыі КНР і лічыць яго сваёй правінцыяй.

«Падтрымка з іх боку сепаратызму з'яўляецца пагрозай не толькі для Кітая, але і для ўсёй сусветнай супольнасці», — заявіў Лукашэнка.

«Кітайскі бок высока ацэньвае цвёрдую падтрымку Беларусі ў тайваньскім і тыбецкім пытаннях», — адказаў намстаршыні КНР. Ён паведаміў, што ў 2010 годзе Кітай бязвыплатна перадасць Беларусі ў дапамогу каля 7,5 мільёна даляраў.

Цзыньпін падкрэсліў, што старшыня КНР Ху Цзіньтаа гатовы сустрэцца з беларускім кіраўніком у любы час.

Адзначым, што ў беларускіх і кітайскіх уладаў шмат агульнага ў разуменні пытання «абароны» правоў чалавека. Так абодва бакі лічаць неабходнасцю кантраляваць інтэрнэт. Кітай уваходзіць у спіс «ворагаў інтэрнэту», які склала арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». На мінулым тыдні стала вядома, што вядомая кампанія Google вырашыла канчаткова сысці з Кітая і спыніць цэнзураванне пошукавых вынікаў на кітайскай мове.

Кантраляваць інтэрнэт спрабуюць і беларускія ўлады. Нагадаем, што скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і набудзе сілу 1 ліпеня. Адзін са шматлікіх пунктаў указу, якія выклікаюць непакой, абвяшчае, што «пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў па запыце карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў аказваюць паслугі па абмежаванні доступу гэтых карыстальнікаў да інфармацыі, змест якой накіраваны на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці». Як вядома, беларускія ўлады часта абвінавачваюць у «экстрэмізме» апазіцыю.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках