25 снежня 2024, Серада, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія праваабаронцы: Час спыніць пераслед у Беларусі

9

Уплывовыя арганізацыі накіравалі ліст беларускаму кіраўніку ў сувязі з апошнімі арыштамі праваабаронцаў.

25 сакавіка праваабарончыя арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт накіравалі заяву пратэсту Аляксандру Лукашэнку з асуджэннем пераследу праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік.

«Арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт асуджаюць арышты актывістаў праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік як чарговы прыклад грубага парушэння беларускімі ўладамі права на мірныя сходы і свабоду слова», -- гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Як паведамляе прэс-цэнтр «Вясны», у заяве адзначаецца, што беларускія праваабаронцы былі арыштаваныя за патрабаванне адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

«Тры актывісты «Вясны» былі арыштаваныя 23 сакавіка ў Менску за правядзенне мірнай акцыі пратэсту супраць смяротнага пакарання і прывядзення ў выкананне двух нядаўна вынесеных смяротных прысудаў. 24 сакавіка арыштаваныя былі ў судовым парадку прызнаныя вінаватымі ў парушэнні Адміністратыўнага кодэксу і пакараныя штрафамі», -- нагадваюць складальнікі ліста.

Еўрапейскія праваабаронцы звяртаюць увагу, што два смяротныя прысуды былі вынесеныя на фоне перамоваў аб увядзенні мараторыю на смяротнае пакаранне, што адбываюцца паміж уладамі Беларусі і Радай Еўропы.

«Свабода сходаў і думкі з’яўляецца фундаментальным правам, гарантаваным Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю 12 лістапада 1973 г. У Артыкуле 21 Пакта сцвярджаецца: «Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або аховы правоў і свабодаў іншых асобаў».

Нягледзячы на тое, што свабода сходаў прадугледжваецца і беларускім заканадаўствам, у шэрагу выпадкаў улады не далі дазволу на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў. Гэтая практыка не адпавядае патрабаванням Артыкула 21 Пакта і з’яўляецца парушэннем права на свабоду сходаў», -- заяўляюць аўтары ліста.

Еўрапейскія праваабаронцы заклікалі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.

«Заклікаем улады Беларусі бараніць і спрыяць рэалізацыі грамадзянскіх правоў і свабодаў, замацаваных у беларускім заканадаўстве і міжнародных дамовах, да якіх краіна далучылася.

Заклікаем пакласці канец пераследу праваабаронцаў на ўсіх узроўнях, уключаючы судовы», -- адзначылі аўтары ліста.

Копіі заявы накіраваны таксама Генеральнаму пракурору, міністру юстыцыі і старшыні Вярхоўнага суда Беларусі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках