24 снежня 2024, aўторак, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежную назіральніцу пераследуюць па месцы працы

2

Як толькі Святлана Рудкоўская была вылучаная назіральніцай у акруговую камісію, пачаліся праблемы.

Незалежную назіральніцу з Гародні Святлану Рудкоўскую, якая была вылучаная ў акруговую камісію Пралетарскай выбарчай акругі №17 па выбарах у Гарадзенскі абласны савет ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта, пераследуюць па месцы працы, перадаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Святлана Рудкоўская ўжо чатыры гады працуе старшынём Жыллёва-будаўнічага кааператыва №8. За ўсе гады працы яна не мела ніякіх службовых спагнанняў і нават заўвагаў з боку адміністрацыі Ленінскага раёна Гародні. Але як толькі была вылучаная назіральніцай у акруговую камісію, пачаліся праблемы. З адміністрацыі Ленінскага раёна ёй двойчы дасылалася позва, падпісаная Уладзімірам Кузьмянковым, з патрабаваннем з'явіцца ў адміністрацыю.

3 сакавіка кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Барыс Фёдараў з асабістага прыёму накіраваў Святлану Рудкоўскую да начальніка аддзела ЖКГ і добраўпарадкавання Аляксандра Архіпава. Аляксандр Архіпаў адразу ж склаў на яе пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Правапарушэнне нібыта заключаецца ў тым, што прылеглая тэрыторыя да жылога будынка ЖБК №8 засмечаная і не прыбіраецца.

Сёння жа павінен адбыцца разгляд гэтага пытання на адміністрацыйнай камісіі Ленінскага раёна, старшынём якой з'яўляецца Алег Бялінскі, кіраўнік справамі адміністрацыі. Варта адзначыць, што і Архіпаў і Бялінскі ад выбараў да выбараў з'яўляюцца нязменнымі старшынямі ўчастковай і акруговай выбарчых камісіяў.

Святлана Рудкоўская катэгарычна не згодная са складзеным на яе пратаколам і лічыць такія дзеянні адміністрацыі пераследам за ўдзел у выбарчай кампаніі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках