27 снежня 2024, Пятніца, 8:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны «Усходняга партнёрства» - за ўдзел беларускай «палаткі» ў Еўранэсце

14

Парламенты Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны хочуць бачыць у Еўранэсце нелегітымных беларускіх «дэпутатаў», а не пазапарламенцкую апазіцыю.

Пра гэта, як паведамляе польскае інфармацыйнае агенцтва РАР, гаворыцца ў спецыяльным лісце, распаўсюджаным у Брусэлі. Дакумент падпісалі кіраўнікі парламентаў пяці названых краін «Партнёрства». Яны патрабуюць, каб Беларусь мела ў Еўранэсце такое ж прадстаўніцтва, як і «партнёрская» пяцёрка.

На думку армянскіх, азербайджанскіх, грузінскіх і ўкраінскіх парламентарыяў, гэта тая саступка, якой неабходна было б заплаціць за непрызнанне Лукашэнкі і Беларуссю сепаратысцкіх грузінскіх рэгіёнаў - Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, перадае «Радыё Свабода».

Тым часам, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Яцэк Пратасевіч, які нядаўна наведваў Менск у складзе дэлегацыі Еўрапарламента, адзначыў, што ліст «пяцёркі» - вынік «вельмі эфектыўнай дзейнасці беларускай дыпламатыі» ў былых савецкіх рэспубліках.

Нагадаем, што ў адпаведнасці з праскай дэкларацыяй ў склад Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» павінны ўваходзіць 60 парламентарыяў - па дзесяць ад кожнай краіны-ўдзельніцы. Аднак у сувязі з тым, што Еўрапарламент не прызнае беларускі «нацыянальны сход» з-за недэмакратычнага характару выбараў, ён прапанаваў Еўранэсту наступны кампраміс па Беларусі - пяць прадстаўнікоў ад беларускага «парламента» і пяць ад дэмакратычнай апазіцыі. У сваю чаргу Менск адхіліў гэтую прапанову. А таму Еўрапарламент вырашыў запрасіць на пасяджэнне ПА «Усходняе партнёрства» дзесяць назіральнікаў ад апазіцыі.

«Існуюць розныя прычыны, чаму дэпутаты з былых савецкіх рэспублік падтрымліваюць пазіцыю беларускага «парламента» і ўладаў. Бывае, што гэта звязана з пытаннем двухбаковых адносін, часам - з агульнымі інтарэсамі... Акрамя таго, ва ўсіх гэтых краінах назіраецца не лепшая карціна з правамі чалавека і дэмакратыяй», - заявіў журналістам учора ўвечары Яцэк Пратасевіч.

Хоць Еўранэст - добрая пляцоўка для супрацоўніцтва парламентаў усходнееўрапейскіх краін, але «Еўрапарламент не можа даць згоду на працу любой цаной», падкрэсліў Яцэк Пратасевіч.

Як бы там ні было, еўрапарламентары занепакоеныя падобнай салідарнасцю з беларускімі ўладамі пяці краін-удзельніц «Партнёрства». Таму не выключана, што запланаваны раней тэрмін паседжання Еўранэста (24-25 сакавіка) будзе адкладзены.

Напярэдадні была распаўсюджана інфармацыя, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі маюць намер правесці кансультацыі з дэпутатамі, якія прадстаўляюць краіны «Усходняга партнёрства». Па словах старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, беларускія дэмакраты маюць намер накіраваць адпаведныя лісты парламентам «пяцёркі» і растлумачыць сваю пазіцыю адносна складу дэлегацыі Беларусі ў Еўранэсце.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках