27 снежня 2024, Пятніца, 9:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа «тэракту» развальваецца: У Саўчанкі няма прэтэнзій да Аўтуховіча

16

Экс-губернатар Гарадзенскай вобласці Уладзімір Саўчанка даведаўся пра падрыхтоўку ў дачыненні да яго «тэракту» толькі ад следчых.

Пра гэта Уладзімір Саўчанка заявіў 1 красавіка падчас допыту ў Вярхоўным судзе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, паведаміў БелаПАН лідэр аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Як паведаміў Сіўчык, паказанні Саўчанкі не толькі не пацвярджаюць віну Мікалая Аўтуховіча ў падрыхтоўцы забойства Саўчанкі, але і абвяргаюць паказанні яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы Аляксандра Ларына, якому нібыта Аўтуховіч замовіў забойства Саўчанкі.

«Саўчанка сказаў, што паказанні Ларына недакладныя. Што ён наогул жыве не на тым паверсе, на які паказваў Ларын, што ён ніякага назірання за сабой не заўважаў, нічога пра гэта сказаць не можа, і ўвогуле пра замах на яго, які нібыта рыхтаваўася, даведаўся ад следчых, а да Аўтуховіча ён ніякіх прэтэнзій не мае», - сказаў Сіўчык.

«У асноўным нічога новага і важнага Саўчанка не сказаў. Я думаю, яго на гэты працэс хтосьці выгнаў, каб паказаць яго народу, бо ў апошні час хадзілі розныя чуткі пра яго фізічнае здароўе і псіхічны стан», - адзначыў Сіўчык.

Акрамя Саўчанкі, на працэсе быў дапытаны сведка Іван Зайцаў. «Зайцаў заявіў, што не будзе даваць паказанні адкрыта, бо баіцца за жыццё свайго знаёмага. Нібыта гэты знаёмы распавёў Зайцаву пра тое, што Аўтуховіч замаўляў падпалы дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы і падатковага інспектара Мандзіка. Нібыта Аўтуховіч замовіў падпалы Юрыю Арцюкевічу, які раней у гэтым жа судзе прызнаўся, што ніякіх падпалаў Аўтуховіч яму не замаўляў», - паведаміў Сіўчык.

Як сказаў Сіўчык, Зайцаў на пытанне адваката Уладзіміра Асіпенкі Тамары Сідарэнка, адкуль такой інфармацыяй валодае яго знаёмы, адказаў: «Ад свайго знаёмага». «Тут ужо не вытрымаў Аўтуховіч і заявіў, што ў працэсе, абвінавачванне ў якім будуецца на словах «знаёмага майго знаёмага», ён удзельнічаць не збіраецца. Акрамя гэтага, такія паказанні выклікалі бурную рэакцыю ў залі суда. Суддзя вымушаны быў выдаліць некалькі чалавек з залы, паколькі не смяяцца было немагчыма», - адзначыў Сіўчык.

Нагадаем, што ўсе сведкі, якія праходзяць па справе Аўтуховіча, сведчаць аб моцным ціску з боку следства і заяўляюць аб невінаватасці ваўкавыскага прадпрымальніка, адмаўляючыся ад сваіх ранейшых паказанняў.

Пра псіхалагічны ціск на следстве, напрыклад, заяўляла сведка Людміла Парэмская, былы бухгалтар фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

«Усё, што я на следстве казала пра зброю, не адпавядае рэчаіснасці. Я была ў такім стане, што магла нагаварыць і напісаць усё, што заўгодна, толькі б вызвалілі», - сказала Людміла Парэмская пра свае паказанні адносна знойдзенага ў Гародні гранатамёта.

Прадпрымальнік з Воршы Ігар Пузікаў распавёў суду, што яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, дапытваўся ён як падазраваны, і ўсё гэта падзейнічала - ён даў неабходныя паказанні. Узнагародай стала не толькі свабода, але і грошы на білет з Гародні ў Воршу і бутэлька гарэлкі з рук следчага.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках