23 снежня 2024, панядзелак, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Нервовы зрыў у Лукашэнкі выкліканы незапрашэннем на ядзерны саміт»

59
Андрэй Саннікаў: «Нервовы зрыў у Лукашэнкі выкліканы незапрашэннем на ядзерны саміт»

«Лукашэнка жыве ў палоне фантазіяў: як быццам ён валодае зброевым уранам у вялікіх колькасцях», - заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

«Здаецца, у Лукашэнкі здарыўся нервовы зрыў. Ён лічыць, што павінен быў знаходзіцца на саміце ў Вашынгтоне на роўных падставах з ядзернымі дзяржавамі. Менавіта незапрашэнне Лукашэнкі ў Вашынгтон і выклікала гэты зрыў. На вашынгтонскай канферэнцыі прысутнічалі Расея, Казахстан, Украіна, Арменія, Грузія, але не было Лукашэнкі. Менавіта Лукашэнкі, а не Беларусі. Я ведаю, што гэтае пытанне сур'ёзна разглядалася ў Вашынгтоне менавіта таму, што Беларусь зрабіла вялікі ўнёсак у ядзернае раззбраенне, але гэта зрабіў Станіслаў Шушкевіч, а не Лукашэнка. Я цікавіўся ў сваіх амерыканскіх сяброў, ці магчыма запрасіць Шушкевіча на гэтую канферэнцыю, але паколькі канферэнцыя праходзіла на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, яны ветліва патлумачылі, што гэта немагчыма, хаця ўнёсак Беларусі ва ўмацаванне рэжыму нераспаўсюджвання ядзернага рэжыму, які яна зрабіла ў пачатку 1990 -х гадоў, усе памятаюць і шануюць», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org Андрэй Саннікаў, які ў пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у перамовах па ядзерным раззбраенні ў дэлегацыі Беларусі.

На думку лідэра «Еўрапейскай Беларусі», запрашаць Лукашэнку, які адкрыта шкадуе, што з тэрыторыі Беларусі была выведзеная савецкая ядзерная зброя, асабліва на фоне таго, што ён выгнаў амерыканскага амбасадара і скараціў да зневажальнай колькасці штат супрацоўнікаў амерыканскай амбасады, «было б відавочным глупствам з боку амерыканцаў». «Я ведаю, што МЗС Беларусі, ды і МЗС Расеі, настойліва спрабавалі «прабіць» прысутнасць Лукашэнкі ў Вашынгтоне, але амерыканцы былі паслядоўнымі і прынцыповымі», - адзначыў Саннікаў.

Палітык заяўляе, што пры Лукашэнку Беларусь не ўдзельнічае і не зможа ўдзельнічаць у сур'ёзных міжнародных дыскусіях. «Пры Лукашэнку Беларусь не зможа ўплываць ні на якія сусветныя працэсы, асабліва ў тым, што датычыць ўмацавання супрацоўніцтва, бяспекі і міжнароднага міру. Толькі пасля сыходу Лукашэнкі мы зможам заняць у міжнародных стасунках належнае нам месца», - упэўнены Андрэй Саннікаў.

Нагадаем, што ўчора падчас наведвання Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь валодае высокаўзбагачаным уранам.

«Я не буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран - сотні кілаграмаў фактычна ўжо зброевага і менш узбагачанага», - заявіў беларускі дыктатар. Па словах Лукашэнкі, зараз яго «прыперлі да сценкі, нож да горла:«аддай»! «Мне кажуць: ну калі ты супраць аддаць гэты уран, мы цябе не запросім на саміт. Гэты факт сведчыць пра тое, што ні амерыканцам, ні агулам Захаду, давяраць нельга», - зрабіў выснову кіраўнік.

На саміт па пытаннях ядзернай бяспекі, які праходзіў 12-13 красавіка ў Вашынгтоне, не былі запрошаныя кіраўнікі краінаў-ізгояў, а таксама краінаў, якія ўяўляюць пагрозу міжнароднай бяспецы - гэта кіраўніка Ірана, Паўночнай Карэі і Беларусі.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках