24 лiстапада 2024, Нядзеля, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракурор патрабуе прысудзіць Аўтуховіча да 20 гадоў турмы

63
Пракурор патрабуе прысудзіць Аўтуховіча да 20 гадоў турмы

І гэта пры тым, што абвінавачанні супраць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў у Вярхоўным судзе не былі даказаныя і абвергнутыя сведкамі.

Пракурор Эльдар Сафараў папрасіў асудзіць Мікалая Аўтуховіча на 20 гадоў зняволення. Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына - на 11 гадоў. Міхаіла Казлова - на 3 гады, паведамляе «Радыё Свабода».

16 красавіка на працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць Мікалая Аўтуховіча і іншых абвінавачаных у падрыхтоўцы тэракту, выступіў апошні сведка, і прагучалі каментары Мікалая Аўтуховіча адносна паказанняў пра зброю, замах і іншыя эпізоды.

Было задаволена хадайніцтва Мікалая Аўтуховіча аб паўторным допыце сведкі Казіміра Ялесіка. Гэта чалавек, які, паводле Аляксандра Ларына, знайшоў у лесе малакаліберную вінтоўку і перадаў яе Ларыну. Пры першым допыце сведку паказвалі толькі фотаздымкі абрэза, але даць саму зброю суд чамусьці не змаглі. Сёння ж гэтыя рэчавыя доказы яму далі. Сведка адназначна заявіў, што гэты абрэз не мае нічога агульнага з той іржавай вінтоўкай, якую ён перадаваў Ларыну. Такім чынам, пасля паўторнага допыту сведкі атрымалася, што ніякіх рэчыўных доказаў у гэтай справе няма.

Пасля допыту сведкі з прамовай выступіў Мікалай Аўтуховіч.

«Я меў вопыт і добра ведаю, што такое дэтануючы шнур. Калі казалі, што гэтым шнуром абматалі галаўную частку гранатамёта, але ён не выбухнуў, - гэтага не можа быць. Мы ў Афганістане карысталіся дэтануючым шнуром, калі трэба было здабыць нейкую запчастку з падбітай тэхнікі. І навошта было падрываць гранатамёт, калі ён асноўны доказ? Лічу, што яго знішчылі спецыяльна, таму што на самой справе гэта быў муляж, навучальны дапаможнік для курсантаў», - сказаў Аўтуховіч адносна абвінавачванняў, што ў яго быў гранатамёт і іншая зброя.

Мікалай Аўтуховіч паўтарыў, што справа аб тэрарызме замоўленая «зверху» і гэтая замова наўпрост звязаная з першай справай, за якую яго пакаралі нібыта за няўплату падаткаў:

«Яны пайшлі на гэта не дзеля таго, каб раскрыць злачынства, а таму што выконвалі загад кагосьці з «валасатай» рукой, калі не баяліся запалохваць сведкаў, фабрыкаваць доказы. Мэта ў іх адна - каб Аўтуховіч быў ізаляваны і не мог даказаць сваю невінаватасць па першай крымінальнай справе. Таму што прыйдзецца вярнуць тэхніку, нерухомасць, вялікія грошы, аднавіць фірму. Там столькі «накруцілі», што даць задні ход яны ўжо не змогуць», - упэўнены прадпрымальнік.

Таксама Аўтуховіч шмат распавёў аб метадах следчых, якія выкарыстоўваюцца ў турмах і следчых ізалятарах. Гэтыя метады абвінавачаны параўнаў з тым, што адбывалася ў 30-я гады падчас сталінскіх рэпрэсіяў.

Адвакат Павал Сапелка ў перапынку так пракаментаваў словы свайго падабароннага:

«Аўтуховіч атрымаў магчымасць распавесці, як пачалася так званая «справа Аўтуховіча», як яна расследавалася. Ён і раней спрабаваў гэта зрабіць, але чамусьці суд часта яго спыняў. З большага, выступ не каментаваць трэба, а цалкам размяшчаць у СМІ, каб усе маглі зрабіць высновы», - упэўнены адвакат.

Нагадаем, што ўсе сведкі, якія праходзяць па справе Аўтуховіча, сведчаць пра моцны ціск з боку следства і заяўляюць аб невінаватасці ваўкавыскага прадпрымальніка, адмаўляючыся ад сваіх ранейшых паказанняў.

Пра псіхалагічны ціск на следстве, напрыклад, заяўляла сведка Людміла Парэмская, былая бухгалтарка фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

«Усё, што я на следстве казала пра зброю, не адпавядае сапраўднасці. Я была ў такім стане, што магла нагаварыць і напісаць усё, што заўгодна, толькі б вызвалілі», - сказала Людміла Парэмская пра свае паказанні адносна знойдзенага ў Гародні гранатамёта.

Прадпрымальнік з Воршы Ігар Пузікаў распавёў суду, што яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, дапытваўся ён як падазраваны, і ўсё гэта падзейнічала - ён даў неабходныя паказанні. Узнагародай стала не толькі свабода, але і грошы на білет з Гародні ў Оршу і бутэлька гарэлкі з рук следчага.

Сведка Аляксандар Козел, якога прывезлі на працэс з месцаў зняволення, заявіў, што паказанні з яго ў літаральным сэнсе «выбівалі».

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках