25 снежня 2024, Серада, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх санаторыях ужо не засталося месцаў на летні сезон

27

На летні сезон у беларускія санаторыі ўжо не трапіць, нягледзячы на вялікія кошты. Усе месцы выкупленыя, прычым у асноўным расейцамі.

«У беларускія санаторыі мы прапануем на красавік і травень, а потым ужо толькі на кастрычнік, лістапад, снежань, -- распавяла «Еўрарадыё» намесніца начальніка аддзела курортных паслуг дзяржаўнай турыстычнай фірмы «ЦэнтрКурорт» Наталля Казлова. -- Для іх нашыя кошты недарагія. Ім падабаецца нашае абслугоўванне, лекаванне, таму што ў іх гэта ўсё за большыя грошы. Таму для расіянаў гэта нават танна».

Санаторый «Юнацтва», які знаходзіцца ў 23 кіламетрах ад Менска, ужо цяпер амаль запоўнены. Тут жыве больш за 200 чалавек, прычым 90 працэнтаў - жыхары Расеі. Некаторыя браніруюць месцы адразу на год наперад.

«У параўнанні з каўказскімі санаторыямі тут значна лепей. І па коштах атрымоўваецца танней. Мне ўсё падабаецца, таму калі буду выязджаць, забранірую па-новаму на наступны год», -- распавёў расейскі турыст.

Але затое для беларусаў адпачываць пад Менскам дорага. Дванаццаць дзён у санаторыі абыдзецца ў мільён рублёў. Гэта на 400 тысяч менш, чым для замежнікаў.

Пры гэтым нараканняў на абслугоўванне шмат. Сяргей з Менска прыехаў сюды разам з сынам, каб паправіць здароўе, а вось адпачыць, кажа, тут няма дзе. Ёсць пляж і востраў з мангаламі ды лавачкамі, а летняй спартовай пляцоўкі няма.

«Сервіс тут не самы лепшы. Не да канца зробленыя шклопакеты, пакой праветрыць складана. Нам яшчэ пашанцавала, што ў нас акно ўвогуле адчыняецца. Каб «Юнацтва» стала цэнтрам адпачынку для беларусаў, сюды трэба яшчэ ўкладаць грошы. Тут няма дзе адпачыць, мы зараз ідзем на востраў — гэты бок цудоўны, а далей што?»

А вось турысты з Расеі едуць сюды натоўпамі. Некаторыя на сваіх машынах, цяпер на стаянцы санаторыя іх каля двух дзясяткаў. Праўда, наракаюць на ўзровень сэрвісу і расейцы.

«Хацелася б лепей. Але ў параўнанні з мінулым годам відавочнае паляпшэнне. Мы дабіраліся на сваёй машыне, нам цікава паглядзець на Беларусь», -- кажуць яны.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках