23 снежня 2024, панядзелак, 17:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бакіеў з сям'ёй знаходзіцца ў Менску (Адноўлена)

107
Бакіеў з сям'ёй знаходзіцца ў Менску (Адноўлена)

У гэтым 20 красавіка прызнаўся беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні «дэпутатаў».

«Уначы ў панядзелак я даручыў адпаведным службам, каб арганізавалі перапраўку Бакіева ў Менск. Ён пра гэта прасіў, і не аднойчы. Уначы ў панядзелак ён быў у Менску», - сказаў кіраўнік. Сёння, па словах Лукашэнкі, «прызначаная медыцынская камісія, праведзенае першаснае абследванне сям'і» Бакіева.

«Сям'я, разумееце, у разабраным стане: дзеці бедныя, педыятры зараз там працуюць. Працуюць усе, хто павінен там працаваць, абследаванне праводзім ў прэзідэнта і ўсёй яго сям'і. Карціна не вясёлая», - сказаў Лукашэнка. «Толькі чатырох чалавек нам удалося прыняць у Менску, і яны цяпер знаходзяцца ў нас пад абаронай нашай дзяржавы і асабіста вашага прэзідэнта», - заявіў беларускі кіраўнік.

Калі Курманбеку Бакіеву «патрэбна будзе не толькі рэабілітацыя, але і медыцынская дапамога, мы яе абавязкова акажам»,- запэўніў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прыняў Бакіева «як кіраўніка дзяржавы, а не як ізгоя».

«Ён прасіў не за сябе, а за сям'ю: Аляксандр, забяры сям'ю, дзяцей шкада, яны не вінаватыя. Я кажу: па-першае, табе трэба абследавацца пасля ўсяго гэтага, рэабілітавацца. Ты нават не думай пра дзяцей і сям'ю, я і цябе забяру. Ты прэзідэнт краіны, і я прыму цябе як прэзідэнта краіны, а не як ізгоя », - распавёў Лукашэнка.

Па меркаванні Лукашэнкі, рашэнне адносна Бакіева магла б прыняць АДКБ, членам якой з'яўляецца Кыргызстан. «Што гэта за АДКБ? Расея там старшыня? Ёй бог загадаў: давайце збярэмся, абмяркуем, запросім яго туды. І скажам тым, хто ўладу там захапіў: пачакайце, давайце разбярэмся, пагаворым. Можа, Курманбек не мае рацыі - мы яму пра гэта скажам. Тады мы вас падтрымаем, і не трэба будзе вам, так званаму часоваму ўраду, шукаць дзесьці нейкую падтрымку. Але мы гэтага не зрабілі», - заўважыў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што даручыў арганізаваць гуманітарную дапамогу кіргізскаму народу: «Я даручыў, каб прадукты харчавання, а таксама ўсё неабходнае было адпраўлена ў Кыргызстан. Там галеча страшная».

Нагадаем, раніцай 17 красавіка шэраг інфармагенцтваў паведамілі, што прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, які падаў у адстаўку, вылецеў самалётам у Беларусь. Праўда, праз некалькі гадзін, у Астане і ў Менску абверглі гэтую інфармацыю.

18 красавіка, наведаўшы памінальную імшу ў менскім Катэдральным касцёле, Лукашэнка заявіў, што па-ранейшаму лічыць Курманбека Бакіева законным прэзідэнтам Кыргызстана. Лукашэнка дадаў, што «не варта давяраць таму подпісу пад заявай аб адстаўцы, які сёння дэманструецца ў СМІ». «Нават калі ён абвясціў аб сваім сыходзе, вы ж разумееце, у якіх умовах гэта адбывалася. Калі ў яго на руках маленькія дзеці, сям'я, калі яго заціснулі ў гарах ў блакаду і існуе пагроза грамадзянскай вайны. Вось у такой сітуацыі, у поўнай адзіноце і апынуўся гэты чалавек. Якое ён мог у такіх умовах прыняць рашэнне?»- цытавала словы Лукашэнкі БелТА.

Акрамя гэтага ён выказаў гатоўнасць прыняць Бакіева ў Менску. «Калі Курманбек Бакіеў пачуе мяне і пажадае прыляцець да нас хоць сёння, хоць заўтра, хаваць мы яго ў Беларусі не будзем, ён будзе тут як самы дарагі на сённяшні дзень госць, як мой калега, як прэзідэнт Кыргызстана», - заявіў Лукашэнка.

Напісаць каментар 107

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках