25 снежня 2024, Серада, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошай няма: Пачаўся вялікі распродаж дзяржуласнасці

67
Грошай няма: Пачаўся вялікі распродаж дзяржуласнасці

Беларускія ўлады заявілі пра гатоўнасць прадаць Расеі нафтаперапрацоўчае прадпрыемства «Нафтан» і кантрольны пакет «Белтрансгаза».

Урад Беларусі вядзе перамовы з расейскімі кампаніямі «Раснафта» і «Лукойл» аб магчымасці продажу ім пакета акцыяў ААТ «Нафтан» у абмен на стратэгічныя інвестыцыі.

«Я не хаваю, што мы вядзем перамовы з «Раснафтай» і «Лукойлам», абмяркоўваецца прыход іх на «Нафтан» як стратэгічных інвестараў», - заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях у чацвер ў Менску, перадае «Інтэрфакс».

Сямашка падкрэсліў, што стратэгічны інвестар пры прыходзе ў Беларусь павінен гарантаваць не толькі ўкладанне капіталу, але і мець рынкі збыту будучай прадукцыі, выконваць сацыяльныя абавязальніцтвы і быць гатовым паставіць на прадпрыемства сучасныя тэхналогіі. «Але пакуль такога інвестара не знаходзіцца, і мы вымушаныя самастойна несці цяжар па мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі», - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Чыноўнік паведаміў, што беларускія НПЗ штогод укладаюць у мадэрнізацыю $ 150-200 млн, і да 2013 года глыбіня перапрацоўкі нафты складзе 92-93% супраць 70-72% у цяперашні час.

Першы віцэ-прэм'ер таксама дадаў, што нядаўна правёў перамовы з «адной з буйных замежных кампаніяў», якая гатовая прыйсці на Менскі аўтамабільны завод у якасці стратэгічнага інвестара.

Урад Беларусі таксама гатовы разгледзець прапанову расейскага боку аб магчымасці продажу ААТ «Газпрам» кантрольнага пакета акцыяў «Белтрансгазу», паведаміў пазней журналістам Уладзімір Сямашка.

«Калі расейскі бок афіцыйна заявіць пра гэта, мы будзем думаць і разглядаць гэтую прапанову», - сказаў Сямашка.

Ён заўважыў, што Беларусь у лютым завершыла пагадненне па продажы «Газпраму» 50% акцыяў ААТ «Белтрансгаз».

«Апошнія $ 625 млн за 12,5% акцыяў «Белтрансгаза» паступілі 24 лютага, і ў нас стаў парытэт. Пытанне продажу кантрольнага пакета пакуль не стаіць», - дадаў Сямашка.

Віцэ-прэм'ер таксама заявіў, што Беларусь гатовая разгледзець з Расеяй праект новага газавага пагаднення толькі ў тым выпадку, калі ў гэтым дакуменце будзе улічаны прынцып роўнапрыбытковасці коштаў для дзвюх краінаў.

Ён патлумачыў, што расейскі бок ініцыяваў заключэнне з Беларуссю новага газавага пагаднення, хаця дзеючае пагадненне заканчваецца ў 2011 годзе.

«У нас ёсць базавы прынцып: мы пойдзем на новае пагадненне, калі вы ўпішаце ў яго прынцып роўнапрыбытковасці коштаў. Павінны быць аднолькавыя нормы прыбытку ў продажах газу для беларускіх, расейскіх і германскіх спажыўцоў», - падкрэсліў У. Сямашка.

Ён заўважыў, што Беларусь і Расея падпісалі доўгатэрміновае пагадненне па газе ў 2006 годзе. У гэтым дакуменце быў улічаны прынцып роўнапрыбытковасці коштаў. Аднак, калі Расея будзе выконваць гэты прынцып, дык да канца 2011 года ўнутрырасейскія кошты на газ павінны вырасці ў два разы.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках