Валянцін Стэфановіч: Ціск на Саннікава і Някляева звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі
3- 19.05.2010, 13:05
На думку праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, нядаўнія ператрусы ў офісе сайта charter97.org і ў кватэры лідэра «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава маюць «тыя ж карані».
«Гэта людзі, якія заявілі пра свае амбіцыі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі: Саннікаў і, у гэтым выпадку, Някляеў – адразу трапляюць пад такія дзеянні ўладаў. І ўлады такім чынам паказалі насамрэч, як яны падрыхтаваныя да правядзення выбарчай кампаніі ў тым ключы, у якім яны ўмеюць яе праводзіць. І насамрэч, калі Лукашэнка казаў, што кампанія будзе цяжкой, напэўна, ён не хлусіў гэтым разам», - сказаў Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
Нагадаем, што 18 траўня ў краіне прайшлі ператрусы ў дзесяткаў актывістаў «Гавары праўду!». Затрыманы лідэр кампаніі, паэт Уладзімір Някляеў, рэдактар газеты «Таварыш» Сяргей Вазьняк, актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах).