29 снежня 2024, Нядзеля, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея можа забараніць самыя папулярныя беларускія тавары

63

Сітуацыя з затрыманнем у Забайкаллі беларускага фарфору можа стаць падставай для новых сур'ёзных праблем.

Эксперты прагназуюць, што пад пагрозай забароны на расейскім рынку могуць апынуцца найбольш запатрабаваныя беларускія тавары, паведамляе «Завтра твоей страны».

Пра ўзнікненне праблем з беларускай прадукцыяй у Забайкальскім краі паведаміў асабіста галоўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка. Пры правядзенні планавых праверак у індывідуальнага прадпрымальніка знайшлі вырабы ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод», якія не адпавядаюць гігіенічным нормам. «Колькасць кадмія ў прадукцыі перавышала мяжу дапушчальнай канцэнтрацыі ў 242 разы, а свінцу - у 60 разоў», - прывёў дадзеныя галоўны санітарны лекар.

Між тым, на афіцыйным сайце Добрушскага фарфоравага заводу заяўляецца пра адпаведнасць прадукцыі прадпрыемства не толькі беларускім, але таксама расейскім і ўкраінскім стандартам. Апублікаваныя нават копіі сертыфікатаў адпаведнасці. Атрыманы ў Расіі сертыфікат сапраўдны да 14 кастрычніка 2011 года.

Беларускія эксперты выказваюць здагадкі пра магчымае ўвядзенне новых абмежаванняў на ўвоз у Расею беларускіх тавараў. Бо заявы Генадзя Анішчанкі ўжо не раз папярэднічалі гандлёвай «вайне» паміж саюзнікамі. У мінулым годзе, напрыклад, менавіта ён абгрунтоўваў неабходнасць абмежавання допуску беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

Зрэшты, на думку кіраўніка Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцоў Уладзіміра Карагіна, асноўныя прычыны ўзнікнення такой сітуацыі маюць карані ў першую чаргу, не ў палітыцы, а ў эканоміцы.

«Такую палітыку ў дачыненні да беларускіх тавараў дыктуюць расейскія карпарацыі і групы бізнесменаў, прадукцыя якіх не можа канкурыраваць па суадносінах кошту і якасці з беларускай. Гэтыя бізнесмены зацікаўленыя ў стварэнні нетарыфных бар'ераў, з-за якіх і ўзнікаюць гандлёвыя войны, - адзначае лідэр беларускіх прадпрымальнікаў. - Вось чаму пад пагрозай забароны могуць апынуцца любыя тавары, якія з'яўляюцца якаснымі і карыстаюцца попытам у расейскага спажыўца».

Магчымасць увядзення абмежаванняў на ўвоз беларускіх тавараў у Расею, якая застаецца асноўным рынкам збыту для беларускіх прадпрыемстваў, з'яўляецца адной з асноўных пагроз для стабільнасці эканомікі Беларусі. Дызбаланс знешняга гандлю ў апошні час выклікае сур'ёзную заклапочанасць у экспертаў Міжнароднага валютнага фонду. У мінулым годзе адмоўнае гандлёвае сальда стала адной з галоўных прычын разавай дэвальвацыі беларускага рубля на 20%.

Па выніках студзеня-сакавіка гэтага года Менску атрымалася скараціць дэфіцыт гандлёвага балансу па параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Але ён усё роўна застаецца значным - звыш 1,2 млрд. даляраў. Адмоўнае сальда ў многім фарміруецца за кошт гандлю з Расеяй, на якую прыпадае амаль палова беларускага тавараабароту.

Для Менска вельмі важна захаванне аб'ёмаў паставак у Расею такіх асноўных экспартных пазіцый, як грузавікі, трактары і сельгастэхніка. Пра турботы з нагоды перспектываў гандлю гэтымі таварамі ўжо не раз заяўлялі беларускія чыноўнікі. Беларусі неабходна працягваць рэалізоўваць на расійскім рынку прадукты харчавання, адзенне і абутак, а таксама іншыя тавары.Уладзімір Карагін мяркуе,што ўсе яны «знаходзяцца ў зоне рызыкі».

Дэкларуемая ў апошні час Расеяй палітыка пратэкцыянізму можа апынуцца цалкам знішчальнай для невялікіх беларускіх прадпрыемстваў - усё роўна, што яны вырабляюць - калі расейскі рынак з'яўляецца для іх адзіным. Калі ён зачыняецца - паступленняў валюты няма. Эксперты адзначаюць, што, магчыма, менавіта на гэта і разлічаная чарговая заява з боку галоўнага санітарнага ўрача Расеі.

«На расейскім рынку вельмі цяжка працаваць. Там нашым таварам не вельмі радыя, - канстатуе Уладзімір Карагін. - Да прыкладу, кожная машына, якая перасякае расейскую мяжу, правяраецца вельмі ўважліва. Вось чаму экспартам беларускіх тавараў у Расею займаюцца ў Беларусі толькі 300 індывідуальных прадпрымальнікаў».

Як адзначае лідэр прадпрымальнікаў, палепшыць умовы гандлю могуць толькі ясныя дамоўленасці на вышэйшым узроўні.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках