23 снежня 2024, панядзелак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль: Таннага газу Лукашэнка не атрымае

81
Крэмль: Таннага газу Лукашэнка не атрымае

Напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Мядзведзевым крыніцы ў Крамлі заявілі расейскім СМІ, што Беларусь абавязаная аплаціць даўгі за газ.

Беларусь павінна безумоўна выконваць абавязальніцтвы па аплаце паставак расейскага газу. З такой заявай напярэдадні сённяшняй сустрэчы Дзмітрыя Мядзведзева і Аляксандра Лукашэнкі выступіў Крэмль. Крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта РФ нагадала «Інтэрфаксу», што на 1 траўня запазычанасць беларускага боку перад «Газпрамам» склала $192,3 млн.

Па словах крамлёўскай крыніцы іншага агенцтва - РІА «Новости», чакаецца, што на перамовах у Маскве «будуць узнятыя пытанні ўзаемадзеяння ў паліўна-энергетычнай сферы, уключаючы пастаўкі нафты і газу, якія ажыццяўляюцца ў строгай адпаведнасці з раней дасягнутымі дамоўленасцямі аб паэтапным пераходзе на прынцыпы рынкавага коштаўтварэння ва ўзаемным гандлі».

Расейскі бок, падкрэсліў суразмоўца агенцтва, «выступае за безумоўнае выкананне прынятых у гэтай сферы абавязальніцтваў, у тым ліку па аплаце паставак расейскага газу».

Нагадаем, што раней віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын заявіў, што пытанне пагашэння запазычанасці Беларусі за расейскі газ павінна вырашацца ў прававым полі.

Ён таксама назваў эканамічна немэтазгодным набыццё кантрольнага пакету акцыяў у кампаніі, якая мае запазычанасць, каментуючы гатоўнасць Лукашэнкі аддаць кантроль над «Белтрансгазам» «Газпраму» у абмен на пастаўку газу ў рэспубліку па ўнутрырасейскіх коштах. У цяперашні час «Газпраму» належыць 50% беларускага газатранспартнага прадпрыемства, за якія ён заплаціў 2,5 мільярда даляраў.

«Газпрам» заяўляў, што лічыць магчымым абмеркаванне прапановаў Беларусі па далейшым развіцці супрацоўніцтва толькі пры ўмове выканання кантрактных абавязальніцтваў і пагашэння доўгу за пастаўкі расейскага газу.

У адпаведнасці з чатырохгадовым кантрактам паміж «Газпрамам» і «Белтрансгазам», Беларусь з 2011 года павінна аплачваць 100% раўнадаходнага сярэднееўрапейскага кошту на газ - за вылікам экспартнай пошліны і транспартных выдаткаў. У 2010 годзе да яго ўжываецца паніжальны каэфіцыент 0,9, у той час як Беларусь настойвала на каэфіцыенце 0,7.

Зараз кантрактны кошт паставак газу ў Беларусь складае 169 даляраў за тысячу кубаметраў, аднак Беларусь пакуль плаціць 150 даляраў, з-за чаго ўзнікла запазычанасць. Паводле ацэнкі «Газпрама», доўг «Белтрансгаза» можа вырасці да канца года да 500-600 мільёнаў даляраў з-за разлікаў па кошце ніжэй за кантрактны.

Галоўнай тэмай перамоваў Мядзведзева і Лукашэнкі заяўленыя пытанні фармавання Мытнага Саюза. Аднак на гэтым тыдні Менск апублікаваў спіс сваіх прэтэнзіяў да Масквы, сярод якіх зніжэнне коштаў на газ і неўжыванне экспартных пошлінаў пры пастаўцы нафтапрадуктаў.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках