5 кастрычнiка 2024, Субота, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтабізнэс упэўнены: пошліны для фізасобаў усё роўна ўзнімуць

54

У аўтамабільнай асацыяцыі лічаць, што надзеі на захаванне пошлінаў на аўтамабілі да 2012 года вельмі хісткія.

Як раней паведамлялася, эксперты краінаў Мытнага саюза дамовіліся захаваць да 2012 года для Беларусі стаўкі ўвазных мытных пошлінаў на аўтамабілі на ранейшым узроўні.

Як паведаміў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк, пакуль дасягнутая папярэдняя дамоўленасць на ўзроўні экспертаў Беларусі, Расеі і Казахстана. Каб гэта было замацавана канчаткова, неабходнае падпісанне міжурадавага пагаднення.

Наколькі такая «папярэдняя дамоўленасць» можа з'яўляцца гарантыяй захавання пошлінаў у Беларусі, «Штодзённік» пацікавіўся ў старшыні Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргея Міхневіча.

– Я б не будаваў пакуль сур'ёзных планаў адносна таго, што пошліны да 2012 года не зменяцца. Напрыклад, 11 чэрвеня ў Маскве сустракаюцца кіраўнікі Беларусі і Расеі. Яны будуць абмяркоўваць кампрамісныя варыянты працы Мытнага саюза. Вядома, ужо заяўлена, што Беларусь гатовая падпісаць Мытны кодэкс без выняткаў. Але калі Расея пагодзіцца зняць пошліны на нафту, ці пагодзіцца Беларусь ахвяраваць наўзамен пошлінамі на аўтамабілі?

Акрамя таго, калі будзе створаная Адзіная эканамічная прастора, пошліны на ўвоз аўтамабіляў будуць роўныя. Зараз ідуць размовы пра тое, каб паскорыць фармаванне АЭП. Гэта значыць завершыць гэты працэс да 2012 года. Таму я не цешу сябе ілюзіямі наконт таго, што беларусам не прыйдзецца жыць пэўны перыяд часу з нязручнымі ўмовамі па пошлінах. Ці Расея пойдзе на іх кампраміснае зніжэнне.

Бо Казахстан пагадзіўся падпісаць кодэкс з выняткамі. А калі пагодзіцца і Беларусь? Так што казаць пра якія-небудзь гарантыі адносна захавання цяперашніх пошлінаў да 2012 года я б не стаў. Але гэта маё асабістае меркаванне.

Ці існуе верагоднасць, што ў сувязі з планамі па захаванні пошлінаў зменіцца дынаміка продажаў на беларускім аўтарынку?

– У нас пакуль адна дынаміка – продажы падаюць і імкнуцца да нуля. Ужо была агучаная інфармацыя, што за шэсць месяцаў фізасобы ўвезлі ў Беларусь каля 60 тысячаў аўтамабіляў, а юрасобы – толькі тысячу. Зразумела, што фізасобы ўвозілі машыны ў разліку на іх продаж у Расеі пасля выраўноўвання пошлінаў да расейскага ўзроўня, якое планавалася з 1 ліпеня. Аднак зараз гэтыя аўтамабілі затрымаліся ў Беларусі. Такім чынам, прапанова на ўнутраным рынку значна перавышае попыт. Кошты на рынку ўжываных аўтамабіляў падаюць. Гэта, зразумела, не можа не адбівацца і на аўтадылерах.

На ваш погляд, калі б пошліны для фізічных і юрыдычных асобаў зраўняліся і дасягнулі расейскіх, як гэта раней планавалася, палепшылася б у выніку сітуацыя на ўнутраным аўтарынку?

– Гэты варыянт можна абмяркоўваць пры ўмове, што Расея не будзе спаганяць дадатковыя плацяжы з беларускіх прадаўцоў. Не думаю, што на сітуацыю на расейскім рынку сур'ёзна паўплываюць некалькі дзесяткаў тысячаў аўтамабіляў, увезеных з Беларусі. Але такая мера акажа на ўнутраны беларускі рынак часовы эфект. Цяпер Беларуская аўтамабільная асацыяцыя выступае за тое, каб рэанімаваць ідэю свабодных мытных складоў і зрабіць пошліны для новых аўтамабіляў і аўтамабіляў, не старэйшых за тры гады, на адным узроўні. Бо зараз з-за новаўвядзенняў, звязаных з Мытным саюзам, мы жывем яшчэ ў горшых умовах, чым у крызісны 2009 год. Дылеры вымушаныя скарачаць персанал і арыентавацца на продажы юрыдычным асобам. Беларускі аўтабізнэс стаў разменнай манетай у вялікай палітычнай гульні.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках