23 лiстапада 2024, Субота, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Пагромы ў Ошы арганізавалі сваякі Бакіева

28

У беспарадках у Джалал-Абаде актыўна ўдзельнічаюць сваякі экс-прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева.

Пра гэта паведаміла са спасылкай на відавочцаў мясцовае інфармацыйнае агенцтва Акіпрэс.

У адной са зводак са спасылкай на мясцовых дружыннікаў кажацца, што «па вуліцы Пушкіна, у раёне абласнога шпіталя ідуць натоўпы і спальваюць дамы, ужо спаленыя 6 дамоў. Кіруе і агітуе натоўп адзін з пляменнікаў Бакіева, які ўзброіў усіх хлопцаў, сярод якіх ёсць і 15-гадовыя».

Праваахоўныя органы не маюць інфармацыі на гэты конт. У той жа час, у эфіры «5 канала» камендант і начальнік Ошскага ГУУС Амурбек Суваналіеў заявіў, што «у беспарадках актыўна ўдзельнічае блізкі сваяк прэзідэнта - Санжар Бакіеў».

13 чэрвеня часовы ўрад Кыргызтана прыняў рашэнне ўвесці рэжым надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі Джалал-Абадскай вобласці краіны, а таксама абвясціў частковую мабілізацыю.

На прызыўныя пункты павінны з'явіцца ўсе ваеннаабавязаныя мужчыны ва ўзросце да 50 гадоў. На тэрыторыі Джалал-Абадскай вобласці ўсталяваная дванаццацігадзінная камендантская гадзіна, паведамляе РІА «Новости».

12 чэрвеня часовы ўрад Кыргызтана звярнуўся да Расеі па міратворчую дапамогу. «З учорашняга вечара сітуацыя пераходзіць праз край, нам патрэбны ўвод іншых ваенных сілаў, каб купіраваць сітуацыю. У сувязі з гэтым мы звярнуліся па дапамогу да Расеі», — заявіла журналістам прэзідэнт пераходнага перыяду Роза Атунбаева. Яна паведаміла, што ўжо накіравала адпаведны ліст кіраўніцтву Расеі.

Зрынуты прэзідэнт Кыргызтана Курманбек Бакіеў з 19 красавіка знаходзіцца ў Беларусі.

Міжэтнічныя сутыкненні паміж кіргізамі і ўзбекамі пачаліся ў паўднёвай сталіцы Кыргызтана, горадзе Ошы, у ноч на 11 чэрвеня. Удзельнікі беспарадкаў спалілі цэлыя кварталы жылых дамоў, крамы, кірмашы. На вуліцах бясчынствуюць марадзёры. У часовага ўраду пакуль не атрымліваецца ўзяць сітуацыю пад кантроль.

12 чэрвеня беспарадкі перакінуліся на суседнюю Джалал-Абадскую вобласць. Паводле афіцыйных дадзеных, колькасць ахвяраў пагромаў на поўдні Кыргызтана перавысіла 80 чалавек, звыш за тысячу атрымалі раненні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пацярпелых нашмат больш.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках