24 снежня 2024, aўторак, 16:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка загаворваецца: «Не трэба нас нахіляць, не трэба спіхваць ...»

118
Лукашэнка загаворваецца: «Не трэба нас нахіляць, не трэба спіхваць ...»

Гнеўныя выпады ў адрас Расеі прагучалі з боку беларускага дыктатара падчас яго візіту ў Магілёўскую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка не ўпэўнены, што ў рэспублікі існуе доўг за пастаўлены Расеяй газ, заяўляючы пры гэтым, што ў бакоў атрымаецца вырашыць усе спрэчныя пытанні.

«Мы вядзем зараз адпаведныя перамовы. Калі зыходзіць з пункту гледжання Расеі, гэта доўг. Калі зыходзіць з таго, што я сказаў, дык ніякага доўгу няма. Я думаю, дамовімся», - заявіў Лукашэнка ў пятніцу падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс».

«Калі мы пагодзімся, што гэта доўг, і Расеі вельмі цяжка яго перажыць і пакінуць мінулагодні кошт, і мы прызнаем, што гэта доўг - будзем плаціць. Мы знойдзем грошы» - падкрэсліў Лукашэнка.

Кіраўнік прызнаў, што «па газавай тэматыцы мы працуем на ўзроўні мінулага года». «Краіна толькі выходзіць з фінансава-эканамічнага крызісу, нам зараз няпроста», - адзначыў ён. Пры гэтым ён падкрэсліў: «Нельга нас такім чынам нахіляць». «Для Украіны кошт панізіўся на 30%, для Венгрыі ідзе паніжэнне, але чаму для нас вырашылі узняць кошт на 30%?», - Заўважыў ён. Паводле яго словаў, «Беларусь для Расеі - іншая каштоўнасць. Не трэба спіхваць, што мы «на дурняк» хочам пражыць, нельга так паводзіць сябе ў дачыненні да Беларусі. Іншым паніжаць кошты, фіксаваць іх, а нам падвышаць», - заявіў ён.

Паводле яго словаў, «расейцы, «Газпрам» шмат на гэтым не нажывуцца, а вось страціць могуць шмат».

Лукашэнка паведаміў, што падчас нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, расейскі прэзідэнт «жорстка сказаў, што па ўсіх пытаннях абмяркуе, на працягу 2-3 дзён вызначыцца і патэлефануе. Вось, па тэлебачанні «патэлефанаваў», вы чулі».

«Мы не загінем, мы выжывем. Але так паводзіць сябе ў стасунках з дзяржавай, з якой знаходзішся ў цесным саюзе, народам, які не адрозніваецца ад расейскага, весці сябе так з народам, з якім у адных акопах гнілі - гэта не дазваляльна. І гэта ніякія не эмоцыі», - заявіў ён.

Пра беглага Бакіева і сітуацыю ў Кыргызстане

Лукашэнка лічыць, што часовы ўрад Кыргызстана не зможа законным чынам вырашыць сённяшнюю сітуацыю ў краіне, сказаўшы, што да гэтага працэсу неабходна прыцягнуць Курманбека Бакіева.

«Сітуацыя не можа быць «разруленая» законным чынам. Прэзідэнта няма, парламент разагнаны. Хто прызначыў рэферэндум па Канстытуцыі? Часовы ўрад? Хто такія часовы ўрад, хто іх прызначыў? Ніхто іх не прызначаў», - адзначыў ён.

Паводле яго словаў, «трэба не каціць сёння бочкі на Бакіева. Трэба яго папрасіць. Вернецца ён, ці з Масквы ён аддасць рашэнне, але ён павінен прызначыць рэфэрэндум, каб ён быў легітымным. Ці хаця б парламент, які разагнаны».

Як адзначыў беларускі кіраўнік, «яны пачынаюць хіліцца, міжнародная супольнасць, не ведаюць, што яны заганяюць сітуацыю яшчэ далей у кут». «Пройдзе рэферэндум і ў любой вулічнай каманды будзе падстава выступіць супраць чарговых ўладаў», - адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, часовы ўрад Кыргызстана ідзе сёння «па незаконным і нелегітымным шляху». «Трэба вяртаць сітуацыю ў канстытуцыйнае рэчышча, як бы гэта цяжка ні было і камусьці гэтага не хацелася», - адзначыў беларускі кіраўнік.

Па словах Лукашэнкі, цяперашняя сітуацыя ў Кыргызстане спараджае напружанасць у цэлым у рэгіёне. «Туды ўжо пачалі сцякацца тэрарысты з усяго свету. Гэта ўжо насцярожвае Узбекістан, Таджыкістан, Казахстан. Ды і Расеі ад гэтага не соладка», - сказаў Лукашэнка.

Кажучы аб магчымасці ўводу міратворчых сілаў у Кыргызстан, ён выказаў здагадку, што «Расея туды не пойдзе, таму што для яе гэта будзе як для Савецкага Саюза - Афганістан». «Сітуацыя разгортваецца вельмі непрыемна, вельмі небяспечна для гэтага рэгіёну, сітуацыю трэба стабілізаваць. Але пачынаць трэба з навядзення законнасці і парадку, стварэння легітымнай улады», - заявіў ён.

Аб Мытным саюзе

Беларусь пойдзе на падпісанне ўсіх дакументаў па Мытным саюзе ў тым выпадку, калі з 1 ліпеня гэтага года будуць адмененыя мытныя пошліны на нафтапрадукты для Беларусі, а з 1 студзеня будучага года - пошліны на нафту.

«Я ўнёс прапановы, магу іх агучыць. Каб прасунуцца да Мытнага саюзу ўшчыльную, і падпісаць усе дакументы, трэба адмяніць усе мытныя пошліны. Я сказаў: «добра, давайце з 1 студзеня наступнага года адменім ўсе пошліны, а зараз, як крок добрай волі, здымем мытныя пошліны на нафтапрадукты», - заявіў кіраўнік.

«У такім выпадку, не чакаючы 1 студзеня, мы падпішам усе дакументы па Мытным саюзе, якія, перш за ўсё, у інтарэсах Расеі», - адзначыў Лукашэнка.

Па словах кіраўніка, «пытанне не ў нас. Вы чулі заўсёднае маё патрабаванне, што калі мы ствараем Мытны саюз, дык павінны абавязкова стварыць роўныя ўмовы для яго ўдзельнікаў». «Асноўны прынцып: калі няма роўных умоваў, дык пра які Мытны саюз можна весці размову» - падкрэсліў ён. «У нас у Мытным саюзе тры чальцы. Расея па адным і тым жа пытанні, дапусцім, па пошлінах на нафту, ставіцца да Беларусі і Казахстана цалкам па-рознаму», - адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, усе гэтыя пытанні былі абмеркаваны на нядаўняй сустрэчы з кіраўніцтвам Расеі. «Я выказаў сваю пазіцыю», - адзначыў ён.

Напісаць каментар 118

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках