23 снежня 2024, панядзелак, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мытныя саюзнікі адкрылі другі фронт

20
Мытныя саюзнікі адкрылі другі фронт

Уступленне ў дзеянне Мытнага кодэкса, якое павінна было адбыцца 1 ліпеня, стала прадметам гандлю.

Учора прадстаўнікі РФ, Беларусі і Казахстана зрабілі шэраг заяваў па пытаннях, пакінутых без адказу пасля сустрэчы міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 28 траўня, піша газета «Коммерсант».

Мытны кодэкс Мытнага саюза ўступіць у дзеянне 1 ліпеня пры ўмове падпісання законаў аб ратыфікацыі дамовы пра МКМС прэзідэнтамі трох краінаў — законы ўжо прынятыя парламентамі і ляжаць на сталах кіраўнікоў дзяржаваў—чальцоў Мытнага саюза (МС). Пры гэтым улады РФ і Казахстана заявілі аб гатоўнасці МКМС да падпісання нават у двухбаковым парадку, без Беларусі. Гэта адбылося пасля нез'яўлення на сустрэчу прэм'ер-міністраў трох краінаў у Санкт-Пецярбургу 28 траўня кіраўніка ўрада Беларусі Сяргея Сідорскага (яго адсутнасць была патлумачана нявырашанасцю базавага для Менска пытання аб адмене ў МС расейскіх экспартных пошлінаў на нафту). Такім чынам, афіцыйны Менск апынуўся ў дужа выгодным становішчы. Увядзенне ў дзеянне МКМС у двухбаковым парадку практычна не зменіць парадку эканамічнага ўзаемадзеяння РФ і Казахстана — у адрозненне ад Беларусі, для якой уступленне кодэкса ў сілу азначае стварэнне адзінай мытнай тэрыторыі (АМТ) з РФ, аб'яднанне мытнай прасторы РФ і Казахстана аднесенае кодэксам на 2011 год.

Падпісанне ж МКМС Менскам можа да 1 ліпеня радыкальна змяніць канфігурацыю мытнай прасторы МС — ад подпісу Аляксандра Лукашэнкі фактычна залежыць само існаванне АМТ РФ і Беларусі. З улікам таго, што стварэнне АМТ павінна суправаджацца міжурадавымі пагадненнямі, якія рэгулююць яе, Менск можа змяняць прававую канструкцыю АМТ у даволі шырокіх межах - напрыклад, сярод пагадненняў, якія планавалася падпісаць, ёсць дакумент аб свабодных эканамічных зонах, які рэгулюе, у прыватнасці, пытанне калінінградскага транзіту праз Беларусь і пагадненне па пошлінах на аўтамабілі (без яго аўтамабілі з ЕЗ змогуць бяспошлінна пераадолець мяжу Беларусі і РФ).

Учора для разблакіроўкі сітуацыі з МКМС у Менск да Аляксандра Лукашэнкі адправіўся старшыня камісіі Мытнага саюза, першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў. Адзначым, што Менск ставіць, па сутнасці, адзіную ўмову для запуску кодэкса ў дзеянне 1 ліпеня — вырашэнне пытання аб экспартных пошлінах на пастаўкі нафты з РФ на беларускія НПЗ. Віцэ-прэм'ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў учора агенцтву «Інтэрфакс»: «Падпісанне МКМС павінна быць увязанае з адменай экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты». І патлумачыў: «Калі б РФ пагадзілася адмяніць экспартныя пошліны хаця б з 1 студзеня 2011 года, беларускі бок удзельнічаў бы ў перамовах 28 траўня і падпісаў бы МКМС. Але расейцы не пагадзіліся».

На бяспошлінную нафту Менск гатовы абмяняць «саступкі па двух-трох праблемных пытаннях, якія з'яўляюцца адчувальнымі для РФ і Казахстана (у прыватнасці, па аўтапраме і ўвозе тавараў фізічнымі асобамі)» — пра гэта заявіў учора Лукашэнка. «Мы пойдзем на ... любыя саступкі, нават калі яны на нейкі перыяд будуць для нас зацяжкімі і адчувальнымі»,— сказаў ён. Шувалаў, у сваю чаргу, заявіў: «Мы практычна ўзгаднілі ўсе спрэчныя пытанні, за выключэннем найбольш адчувальных для беларускага боку», паведаміўшы, што накіраваны прэзідэнтам РФ для таго, каб абмеркаваць з кіраўніком Беларусі наступствы рашэнняў па фармаванні МС, і прэм'ер-міністрам, «каб выказаць пазіцыю расейскага ўрада... па экспартных пошлінах». Адзначым, што гэтыя заявы былі зробленыя напачатку сустрэчы. Паводле дадзеных «Коммерсанта», пасля яе заканчэння ўчора было прынятае рашэнне пакуль не выдаваць вынікі перамоваў.

Тым часам першы віцэ-прэм'ер Казахстана Умірзак Шукееў учора раскрыў тэрміны ўступлення ў сілу МКМС, калі Аляксандр Лукашэнка не падпіша закон аб ратыфікацыі МКМС. У гэтым выпадку перамовы па стварэнні «скарочанага» МС пройдуць у Пецярбургу 17-18 чэрвеня, і «ужо напачатку ліпеня прэзідэнты РФ і Казахстана збяруцца ў Астане і паставяць кропку над усім гэтым працэсам», распавёў Шукееў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках