28 снежня 2024, Субота, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Be2gether» - глыток музычнай свабоды (Фота)

6

Каля літоўскага замка Нарвілішкес, у 50 метрах ад беларускай мяжы, завяршыўся трохдзённы фестываль музыкі і мастацтваў балтыйскіх краін Be2gether.

Хэдлайнерамі музычнага марафону былі Skunk Anansie (Вялікабрытанія), Empire Of The Sun (Аўстралія), Roots Manuva (Вялікабрытанія), WhoMadeWho (Данія), «Гайдамаки» (Украіна), Casiokids (Нарвегія), Bauchklang (Аўстрыя), «Рубль» (Расія), Crystal Fighters (Іспанія), паведамляе БелаПАН.

Наяўнасць трох сцэн дазволіла зрабіць выступы гуртоў практычна без затрымак, таму гледачы пастаянна знаходзіліся ў музычным драйве. Адметнай асаблівасцю цяперашняга Be2gether стала яго шматграннасць, бо музычныя стылі запрошаных калектываў і выканаўцаў моцна адрозніваліся.

Як піша «Ежедневник», праграма фестывалю была аптымізавана настолькі, што гледачам зусім не даводзілася сумаваць.

Выступленне артыстаў на адной сцэне практычна без паўз змянялася выступленнем новага гурта на другой сцэне.

У тых, каго па нейкай прычыне не задаволіла музыка, была магчымасць пайсці на іншыя пляцоўкі альбо паслухаць творчасць дыджэяў ля шматлікіх намётаў.

Тыя, хто вырашыў адпачыць ад музычных экзарцыстаў, маглі пагуляць у футбол, валейбол, паўдзельнічаць у будаўніцтве глінянага гарадка, конкурсе графіці, паглядзець фаер-шоу. Інакш кажучы, забаў хапала на любы густ.

Адным з прыемных адрозненняў цяперашняга «Be2gether» ад леташняга для нашых суайчыннікаў была наяўнасць своеасаблівага беларускага кутка на фестывалі, арганізаванага кампаніяй «Будзьма».

Госці «Be2gether» з іншых краін маглі пазнаёміцца тут з сучаснай беларускай музычнай культурай, паглядзець відэакліпы беларускіх камандаў і нават паслухаць беларускіх выканаўцаў «ужывую».

Характэрна, што багацце духоўнай ежы на фестывалі зусім не перашкаджала мноству ежы фізічнай. Проста каля сцэн можна было паабедаць або павячэраць. І што самае дзіўнае для беларусаў – ужываць без абмежаванняў піва. Пры гэтым п'яных звадак, боек і проста панурых меламанаў на фестывальнай пляцоўцы не назіралася.

Гэтак жа як і паліцыі. Зразумела, асноўны этап ужывання запальваючых напояў праходзіў у намётавым гарадку, разбітага побач з фестывальнай тэрыторыяй. Але і там спіртное служыла больш у якасці яднаючага фактара для міжнацыянальных зносін, чым для звычайнага «нажэрніцтва».

Магчыма, адсутнасць алкагольных эксцэсаў з'яўлялася вынікам заходняга піўнога менталітэту, але беларусы і расіяне на «Be2gether» таксама спіртным занадта не захапляліся. Можа, таму, што іншых захапленняў было з лішкам.

Разам з тым, як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам «Ежедневника» хэдлайнер фестывалю ад Беларусі Лявон Вольскі, малаверагодна, што мерапрыемства, аналагічнае «Be2gether», можа прайсці ў нашай краіне. Па яго словах, «Be2gether» - гэта перш за ўсё свабода

У Беларусі цяжка ўявіць музычную імпрэзу, якая спрабавала б аб'яднаць сучасных выканаўцаў розных напрамкаў. Можна, вядома, ўзгадаць «Вольнае паветра», але гэта, па словах Вольскага, хутчэй выключэнне, тое, што адбываецца па ініцыятыве прыватных асоб.

І пакуль у Беларусі фестывалі будуць больш асацыявацца з абмежаваннямі, а не з падобнымі выключэннямі, «Be2gether» будзе прыцягваць да сябе беларусаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках