24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея можа зноў увесці забарону на ўвоз малака з Беларусі

8

Паміж Масквой і Менскам наспявае новы канфлікт, звязаны з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

З 25 чэрвеня Рассельгаснагляд забараніў чатыром буйным беларускім прадпрыемствам пастаўляць сваю малочную прадукцыю на расейскі рынак. Як атрымалася высветліць «Беларускім навінам», да цяперашняга часу падрыхтаванае рашэнне Рассельгаснагляду, якое ўвядзе аналагічную забарона і для шэрагу іншых беларускіх прадстаўнікоў малочнай галіны.

Як паведаміла інфармаваная крыніца, у ліпені Рассельгаснагляд плануе ўключыць у «чорны спіс» шэраг новых малочных прадпрыемстваў Беларусі.

«Cпіс беларускіх прадпрыемстваў, якім плануецца забараніць экспартаваць прадукцыю ў Расею, ужо падрыхтаваны. Паводле гэтага дакумента, многім буйным беларускім малочным прадпрыемствам будзе забаронена пастаўляць сваю прадукцыю на расейскі рынак. У прыватнасці, гэтае рашэнне, калі яно ўступіць у сілу, закране найбуйнейшыя малочныя прадпрыемствы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей», - паведаміў суразмоўца.

Ён адзначыў, што забарона можа і не ўступіць у сілу, калі бакі дамовяцца на вышэйшым узроўні. «Магчыма, калі будуць дасягнуты дамоўленасці на вышэйшым узроўні, забароны ўдасца пазбегнуць. Аднак, хутчэй за ўсё, не дамовяцца», - прагназуе эксперт.

Па словах крыніцы «Беларускіх навінаў», забарона на ўвоз беларускай прадукцыі на расейскі рынак, ужо ўстаноўлена для чатырох прадпрыемстваў, - рашэнне выключна адміністрацыйнае, не звязанае з парушэннем вытворчых нормаў.

«Па тэтрацыкліну сітуацыя надуманая, рэальных падстаў уводзіць забарону на пастаўкі беларускай прадукцыі тут няма», - адзначае эксперт.

Як атрымалася высветліць у профільных колах, падставай для ўвядзення забароны на беларускую малочную прадукцыю сталі скаргі расейскіх вытворцаў, перададзеныя прэм'ер-міністру Расеі Уладзіміру Пуціну.

У прыватнасці, вытворцы Алтайскага краю перадалі кіраўніку расейскага ўрада зварот, у якім заяўляюць аб дэмпінгу беларускіх прадпрыемстваў на расейскім рынку. У лісце, пра змест якога паведаміла «Беларускім навінам» інфармаваная крыніца, падкрэсліваецца, што пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі перашкаджаюць расейскім вытворцам рэалізоўваць сваю прадукцыю.

З 25 чэрвеня Рассельгаснагляд забараніў чатыром малочным прадпрыемствам Беларусі пастаўляць сваю прадукцыю на расейскі рынак. У прыватнасці, у «чорны спіс» расейскага ведамства ўвайшло адно з найбуйнейшых малочных прадпрыемстваў Беларусі - «Бабуліна крынка». Акрамя гэтага, забарона закранула яшчэ трох буйных беларускіх вытворцаў - ААТ «Барысаўскі малочны камбінат», ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат», ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат».

У кожным з чатырох прадпрыемстваў на экспарт у Расею прыходзілася значная доля прадукцыі. Як паведамілі «Беларускім навінам» на прадпрыемстве, «Бабуліна крынка» пастаўляла ў Расею каля 50% экспартаванага сухога малака. У сувязі з рашэннем Рассельгаснагляду прадпрыемства вядзе пошук контрагента ў іншых краінах для захавання аб'ёмаў экспарту.

Забарона на пастаўкі тавараў чатырох прадпрыемстваў на расейскі рынак Рассельгаснагляд тлумачыць той акалічнасцю, што малочная прадукцыя з Беларусі не адпавядае замацаваным патрабаванням. У рашэнні ведамства гаворыцца, што беларускім вытворцам забаронена пастаўляць сваю прадукцыю на расейскі рынак «у сувязі з неаднаразовымі выяўленнямі антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы».

У сваю чаргу, удзельнікі беларускага рынку лічаць рашэнне расейскага ведамства неабгрунтаваным. «Рашэнне прынятае на карысць расейскіх вытворцаў. У верасні, калі сезон скончыцца, беларускім таварам дарогу адкрыюць. Не раней», - мяркуюць удзельнікі рынку.

Летам 2009 года ў адносінах паміж Масквой і Менскам быў зафіксаваны першы востры малочны канфлікт. Нагодай для яго стала рашэнне Расспажыўнагляда забараніць пастаўкі на расейскі рынак каля 500 відаў малочнай прадукцыі з Беларусі. Прынятае рашэнне Рассельгаснагляд тлумачыў той акалічнасцю, што беларускі бок не перааформіў дакументацыю ў адпаведнасці з новым тэхрэгламентам.

Канфлікт, звязаны з пастаўкамі малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расею, выклікаў рэзкі рэзананс на палітычнай сцэне. Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені 2009 года адмовіўся прыязджаць на саміт АДКБ, матывуючы сваё рашэнне малочнымі праблемамі з Расеяй. У ліпені 2009 года «малочная вайна», факт існавання якой прызнаў сам Аляксандр Лукашэнка, спынілася.

Аднак падставы для малочных праблем паміж Масквой і Менскам засталіся. Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў, каментуючы прычыны «малочнай вайны», прызнаў, што Масква не задаволеная роляй, якую займае беларуская малочная прадукцыя на расейскім рынку.

«Наш рынак вялікі, але не бязмежны. І ў нас ёсць свае вытворцы, якія для нас усё роўна даражэй, чым усе астатнія, якія б цёплыя і братэрскія пачуцці мы не мелі да беларускіх партнёраў, да беларускіх аграрыяў», - сказаў Мядзведзеў. Мяркуючы па апошніх дзеяннях Рассельгаснагляду, а таксама па тых рашэннях, якія рыхтуюцца, Масква і ў гэтым годзе збіраецца паказаць, што цёплыя і братэрскія пачуцці да беларускіх аграрыяў дачынення не маюць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках