23 лiстапада 2024, Субота, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы прэзідэнт Літвы лічыць беларускую АЭС вельмі небяспечнай

6

Намеры Расеі і Беларусі па будаўніцтве каля літоўскай мяжы атамных электрастанцый у гэтыя дні апынуліся ў цэнтры ўвагі палітыкаў.

Адным з першых увагу на гэта будаўніцтва і звязаныя з імі пытанні звярнуў віцэ-старшыня фракцыі Еўрапарламента «Еўропа свабоды і дэмакратыі», былы прэзідэнт Літвы Раландас Паксас.

Нядаўна ён сустракаўся з паслом Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы Уладзімірам Дражыным. На днях член Еўрапейскага парламента пачаў кансультацыі з парламентарыямі краін Балтыйскага мора для правядзення сумесных сустрэч па разглядзе праблем «Балтыйскага ядзернага трыкутніка» і пошуку спосабаў і сродкаў уздзеяння па ўмацаванні ядзернай бяспекі ў рэгіёне. У інтэрв'ю газеце «Обзор» ён распавёў пра свае асцярогі.

- Якія прычыны заахвоцілі Вас звярнуць увагу на намер будаўніцтва бліз Літвы атамных станцый? Тое, што яны створаць канкурэнцыю планаванай новай АЭС у Літве?

- Наадварот, зусім не гэта. Тым больш, мне падаецца, што цяперашняя ўлада Літвы, як і папярэдняя, па-ранейшаму будзе будаваць электрастанцыю толькі пры дапамозе размоў... Праблема заключаецца не ў канкурэнцыі.

Адным з ключавых аспектаў з'яўляецца атамная бяспека Літвы і ўсяго рэгіёна ўвогуле. Па-першае, мы павінны мець гарантыі, быць упэўненымі ў тым, што новыя атамныя электрастанцыі, якія будуць размешчаны вельмі блізка да Літвы, будуць абсалютна бяспечнымі. Гэта не менш важна і для Скандынаўскіх краін, і для ўсёй Еўропы. Развіццё атамнай энергетыкі магчыма толькі ў строгай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі бяспекі. Захаванне гэтых стандартаў у выпадку планаванага будаўніцтва па суседству новых атамных электрастанцый я не бачу. У рэшце рэшт, ядзерная энергетыка, як і пілатаванне самалёта, не даруе нават самай нязначнай памылкі або нядбайнасці.

- Якая памылка можа каштаваць Літве найбольш дорага?

- Не думаю, што мы можам выключыць хоць адну. Шмат што выклікае непакой. Але самае галоўнае, пра што мы павінны турбавацца: па дадзеных геолагаў, Астравецкая пляцоўка, на якой Беларусь мае намер будаваць АЭС, знаходзіцца побач ці нават вышэй другой лініі (рэгіянальнай і/ці лакальнай) актыўнага разлому. Паводле міжнароднай практыкі, будаўніцтва АЭС над або паблізу актыўнага тэрытарыяльнага разлому не можа ажыццяўляцца. Гэта вызначае спецыяльны дакумент МАГАТЭ «Site Evaluation for Nuclear Installations».

Іншы галаўны боль - намер у планаваных электрастанцыях усталяваць ледзь не эксперыментальныя рэактары. Іх аналагі пакуль дзейнічаюць толькі ў Кітаі і Індыі.

Па-трэцяе - у справаздачы экалагічнай экспертызы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай атамнай электрастанцыі паказана, што па праекце, канструкцыі АЭС павінны вытрымаць падзенне толькі лёгкага самалёта. Гэта азначае, што беларуская АЭС не будзе абаронена ў выпадку падзення на яе вялікага грамадзянскага самалёта. Дзяржавы, якія ўлічваюць сёння магчымасці тэрарыстычных актаў, прымаюць значна больш жорсткія патрабаванні да бяспекі электрастанцыі ў гэтым дачыненні. Намеры будаваць рэактары, праекты якіх не гарантуюць захавання адпаведных патрабаванняў, на маю думку, не павінны быць прымальнымі і для еўрапейскіх краін.

- Ці не з'яўляюцца намеры суседзяў будаваць атамныя электрастанцыі небяспечнымі і ў экалагічным аспекце, бо абедзве АЭС плануецца пабудаваць каля рэк, якія працякаюць і праз Літву?

- Так, відавочна, згаданыя праекты на сённяшні дзень маюць шмат нявырашаных пытанняў і ў галіне экалогіі. Напрыклад, якое ўздзеянне будзе мець АЭС на басейн ракі Нярыс, яе расліннасць і рыбныя запасы, на прылеглыя вадаёмы? На самой справе, мы не можам забываць пра тое, што абедзьве электрастанцыі ўзнікнуць ля вялікіх рэк. Нярыс ўпадае ў Нёман, а ён - у Балтыйскае мора. З'яўленне дзвюх атамных электрастанцый на берагах гэтых рэк непазбежна паўплывае на ўсё Балтыйскае мора, на экасістэмы навакольных яго дзевяці еўрапейскіх дзяржаў. І тады мы можам забыць пра Куршскі заліў як пра рэкрэацыйную зону. Дый ЮНЕСКА ахоўвае Куршскую касу. Хто адправіцца на ўзмор’е, ведаючы, што ў вадзе Куршскага залівау і Балтыйскага мора поўна радыёактыўных часціцаў у выніку вытворчых працэсаў атамных электрастанцый? Такім чынам, сёння ў нас значна больш пытанняў, чым адказаў. І адказы мы павінны знайсці ўсе разам. Таму ўжо на цяперашняй сесіі Еўрапейскага парламента я пачаў кансультацыі з еўрапарламентарыямі краін Балтыйскага мора па магчымасцях правядзення сумесных сустрэч для разгляду праблем «Балтыйскага атамнага трыкутніка» і пошуку мер па ўмацаванні бяспекі атамных электрастанцый у гэтым рэгіёне. Для такой працы патрабуецца шырокі фронт аднадумцаў, і я спадзяюся, што да яго далучацца ўсе дэпутаты, якія прадстаўляюць Літву ў Еўрапейскім парламенце.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках