23 лiстапада 2024, Субота, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі 10 рэзідэнцыяў, але яму ўсё роўна мала

47

Кампанія «Трайпл» павінна тэрмінова, да канца 2010 года, узвесці ў Белавежскай пушчы «комплекс па абслугоўванні дэлегацыяў».

Такі загад утрымліваецца ў спецыяльным указе Аляксандра Лукашэнкі, піша «Наша Ніва».

«Трайпл», што належыць блізкаму да ўлады бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, абавязаны збудаваць комплекс у нацыянальным парку бесплатна.

Узамен кампанія атрымае падатковыя льготы. Выглядае на тое, што Аляксандр Лукашэнка хоча займець новую гасцявую рэзідэнцыю ў легендарнай Белавежы, дзе ўжо ёсць не менш легендарныя «Віскулі». Якія яшчэ месцы працы і адпачынку мае кіраўнік дзяржавы?

Асноўнае яго працоўнае месца знаходзіцца ў цэнтры сталіцы. Адрас «Маркса, 38» паспеў стаць намінальным назоўнікам. Былы шасціпавярховы будынак ЦК КПБ у народзе называецца «Чырвоным домам». Зрэшты, і ўнутраная тапаніміка звязаная з колерамі. У Белай зале прымаюцца замежныя дэлегацыі, Блакітная і Зялёная выкарыстоўваюцца для сустрэчаў сам-насам. Месцам працы Лукашэнкі будынак на Маркса быў яшчэ з пачатку 1990-х — у ім праходзілі паседжанні Вярхоўнага Савета, дэпутатам якога быў прагрэсіўны дырэктар саўгаса «Гарадзец». Ужо за прэзідэнцкімі часамі ля «прэзідэнцыі» зладзіў перформанс мастак Алесь Пушкін — вывярнуў ля будынка тачку гною.

У цэнтры Менска знаходзіцца яшчэ адна «стаўка» кіраўніка выканаўчай улады. Яе адрас — Вайсковы завулак, 4. Тут прэзідэнт жыў да свайго перасялення ў Дразды і нават быў прапісаны. Цяпер у будынку праходзяць паседжанні Садружнасці незалежных дзяржаваў.

Яшчэ адзін маёнтак кіраўніка дзяржавы, назва якога стала ўжо назыўной, — «Дразды». Ён знаходзіцца на выездзе з Менска ў бок Маладзечна. Сваю вядомасць пасёлак атрымаў у 1998 годзе, калі з яго, спаслаўшыся на рамонт каналізацыі, гвалтам павыганялі паслоў замежных краін, што мелі там рэзідэнцыі. Лукашэнка жыве тут пастаянна.

У суседніх катэджах — самыя ўплывовыя чыноўнікі — прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч, віцэ-прэм’еры і міністры…

Заўсёды пад рукой.

«Дальняй дачай» Лукашэнкі лічыцца «Азёрны». Гэтая рэзідэнцыя знаходзіцца ў Астрашыцкім гарадку — непадалёк ад Менска ў бок Лагойска. За саветамі тут была загарадная рэзідэнцыя маршала Цімашэнкі. На выпадак небяспекі на яе тэрыторыі знаходзіцца бункер, які мусіў вытрымаць нават ядзерны ўдар. Лукашэнка падвысіў абароназдольнасць «Азёрнага», загадаўшы абнесці рэзідэнцыю і сасоннік вакол яе трохметровым плотам з калючым дротам наверсе. За плотам — ахоўныя вышкі з пражэктарамі, а ўздоўж яго ўзараная паласа. Побач з рэзідэнцыяй знаходзяцца лецішчы творчай эліты краіны — артыстаў, мастакоў і музыкантаў.

Летась у Астрашыцкім гарадку аўральна сканчалася рэканструкцыя школы. Казалі, што менавіта ў яе будзе хадзіць малодшы сын Лукашэнкі Мікалай, але «першы раз у першы клас» перанеслі на верасень-2010.

Рэзідэнцыя ў «Віскулях» не ў пашане ў кіраўніка дзяржавы. Ці то дрэнныя асацыяцыі з развалам СССР, ці то аддаленнасць ад Менска… Аляксандр Лукашэнка рэдка ўпрыгожвае паляўнічы дамок савецкай партнаменклатуры сваёй прысутнасцю.

Дзве рэзідэнцыі з назвамі «Заслаўе-1» і «Заслаўе-2» знаходзяцца непадалёк ад Менскага мора. Яны размешчаныя блізкага адна ад адной у Сасновым бары. Тут ставіў свой намёт лівійскі лідэр Кадафі падчас візіту ў нашую краіну.

На былое лецішча Пятра Машэрава на тэрыторыі Бярэзінскага гідралагічнага запаведніка цяперашні кіраўнік дзяржавы прыязджае рэдка. Невялікі ўчастак «Бярэзінскае» уключае ў сябе трохпавярховы дом і штучны пляж. За часы незалежнасці вакол рэзідэнцыі быў пабудаваны плот, а таксама з’явіўся кантрольна-прапускны пункт.

Рэзідэнцыя «Плаўна» ў тым жа самым запаведніку — аб’ект пабудаваны ў часы кіравання Лукашэнкі. Магчыма, тут адпачываў пасля прыезду ў нашую краіну зрынуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў.

Палеская рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы знаходзіцца ў Петрыкаўскім раёне каля аграгарадка «Ляскавічы».

Дзякуючы прэстыжнаму суседству, вуліцы населенага пункта замошчаныя тратуарнай пліткай, а дамы абабітыя сайдынгам.

Тут здымаўся фільм «На спіне ў чорнага ката», з унучкай Лукашэнкі Вікторыяй у адной з галоўных роляў.

Хадзілі чуткі, што Аляксандр Лукашэнка мае намер забраць сабе пад рэзідэнцыю і Нясвіжскі замак. Рэканструкцыя гэтага помніка, уключанага ў спіс ЮНЕСКА, працягваецца. Пабачым, якім будзе ягонае прызначэнне.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках