26 снежня 2024, Чацвер, 6:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша Ніва»: Галоўнае не сутнасць папярэджанняў, а іх колькасць

4

Усяго ў «Нашай Нівы» ўжо тры папярэджанні, што дае падставы распачаць працэс ліквідацыі газеты, патлумачылі ў рэдакцыі.

У сітуацыі, якая склалася, значэнне мае не сутнасць папярэджанняў, дадзеных «Нашай Ніве» міністэрствам інфармацыі, а іх колькасць. Пра гэта заявіла рэдакцыя газеты ў афіцыйным каментары, перадае «Тэлеграф».

Бо раней, 16 лістапада 2009 года, газета ўжо атрымлівала падобнае папярэджанне (за публікацыі пра «свіны грып»), газета рызыкуе быць ліквідаванай. Аднак для гэтага ў Беларусі патрэбная палітычная воля, лічыць юрыст Андрэй Бастунец.

На думку рэдакцыі, апошнія два папярэджанні міністэрства інфармацыі былі механічнымі. «Загадалі пакараць - знайшлася віна: загаловак «БРСМ рэкламуе фільм «Хросны бацька» «І хаця «Белсаюздрук» сцвярджае, што нумар «быў накіраваны на рэалізацыю ў гандлёвыя аб'екты», па словах рэдакцыі, у кіёсках нумар не з'явіўся. «Гэта пацвердзяць тысячы чытачоў ва ўсёй краіне. Галоўнаму рэдактару ў палове абласных аддзяленнях «Саюздрука» сказалі, што «НН» № 25 ім не паступала», - паведамілі ў рэдакцыі «Нашай Нівы».

Акрамя таго, рэдакцыю абурыла фармулёўка папярэджання ў дачыненні да артыкула «Хросны бацька сканфіскаваў». Мінінфармацыі палічыла, што артыкул «можа нанесці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы са СМІ», распавялі ў рэдакцыі газеты.

«Што гэта значыць? - задаецца пытаннем рэдакцыя газеты. - Мінінфармацыі залічыла ў дзяржаўныя падначаленыя РУП «Белсаюздрук»? Але яго аддзяленне ад дзяржавы тое самае міністэрства зацята падкрэслівала, калі незалежныя газеты дамагаліся права вярнуцца ў кіёскі. Ці, можа, у нас ужо ёсць дзяржаўны орган, які называецца «Хросны бацька»?»

У рэдакцыі газеты лічаць, што ў гэтым выпадку інтарэсы пэўнай асобы чыноўнікі атаясамляюць з дзяржаўнымі, забываючы пра Канстытуцыю, паводле якой крыніца ўлады ў краіне - беларускі народ, у тым ліку чытачы і аўтары незалежнай прэсы.

«Калі што і наносіць шкоду рэальным дзяржаўным інтарэсам, дык гэта папярэджанні падобнага кшталту. Бо яны ствараюць Беларусі ў свеце імідж краіны, дзе парушаецца адно з базавых правоў чалавека - права на свабоду слова. Яны ўскладняюць дыялог улады з незалежным грамадствам. Яны, урэшце, адрываюць журналістаў ад іх працы на дабро чытачоў і прымушаюць займацца бюракратычнай руцінай. Ды і час і энергія працаўнікоў міністэрства інфармацыі марнуюцца дарэмна», - распавялі ў «Нашай Ніве».

Недзяржаўная беларускамоўная газета «Наша Ніва» на працягу аднаго тыдня атрымала два папярэджанні ад міністэрства інфармацыі за «Хроснага бацьку». У загалоўках артыкулаў, у якіх фігуравала гэтая назва міністэрства інфармацыі выявіла «парушэнні». Абодва папярэджанні датычаць 25-га нумару газеты, які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках «Белсаюздрука».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках